Общество
Міла Котка, «Еўрарадыё»

Ружовы бюстгалтар у абмен на прынтар (фота)

У альтэрнатыву ўсім калядным кірмашам у Мінску адкрыўся FREE MARKET – без грошай і з верай у чалавечую беражлівасць.

Мэта кірмашу – не толькі забяспечыць людзей падарункамі на Новы Год, але і прыцягнуць увагу да бессэнсоўнага спажывання, якое ўзрастае ў дзесяткі разоў падчас навагодніх святаў.

– Мы падтрымліваем ідэю стварэння падарункаў сваімі рукамі, – расказвае «Еўрарадыё» арганізатарка кірмашу Ася, актывістка моладзевага адукацыйнага цэнтру “Фіальта”. – Таксама мы заклікаем набываць падарункі не ў крамах за грошы, а з дапамогай абмену – рэчы, якія не патрэбныя адным, можна перадаць іншым людзям.

Якія ж бясплатныя падарункі можна было знайсці на FREE MARKET? А тое ж, што і на славутых еўрапейскіх “блышыных кірмашах”: кніжкі, часопісы, дыскі, прынтар, паштоўкі, цацкі, пацеркі, значкі і нават ружовы бюстгалтар!

З той нагоды, што падарункі не трэба прадаваць – ніхто не клапаціўся пра іх прыгожае выстаўленне – усё звалена ў кучу. Але наведвальнікам акурат гэта і спадабалася.

Наведвальніцы Даша і Вера: “Можна нахабна лазіць, глядзець, разграбаць! У сучасным свеце не хапае адчування пошуку, усё вельмі хутка знаходзіцца праз інтэрнэт і замаўляецца. А тут ты шукаеш-шукаеш сярод непатрэбных табе рэчаў і раптам – яно! Маё!”.

Таксама на FREE MARKET ладзіліся воркшопы: як зрабіць пацеркі сваімі рукамі, як зрабіць свечкі, адзін валанцёр з Аўстрыі Марк нават прыцягнуў сваю прафесійную фоткамеру і святло і ладзіў фота-воркшоп.

– Людзі робіць сваімі рукамі кампазіцыю, я выстаўляю святло і фатаграфую, пасля яны могуць гэтую фотку каму даслаць ці раздрукаваць, – сказаў Марк.

«Еўрарадыё» таксама зладзіла адзін воркшоп: як атрымаць самую экалагічную ёлку. Дарэчы, ведаеце, як? Яе трэба зрабіць сваімі рукамі! Наша атрымалася з непатрэбнай белай паперы (белы – у марах пра снег гэтай зімой) і з выкінутага рулона лінолеуму.

Да слова, альтэрнатыўны кірмаш праходзіў у новым альтэрнатыўным месцы – нядаўна адчыненай "Арт-сядзібе", якая месціцца на другім паверсе гандлёвага дома “Гарызонт”. І трэба вельмі пастарацца, каб знайсці гэтае месца.

– Мы не змаглі б змясціць тут вельмі шмат людзей, таму і не рабілі вялікай рэкламы, – кажа арганізатарка Ася і дадае, што новых людзей Моладзевы цэнтр “Фіальта” збіраецца прыцягваць не маштабнасцю мерапрыемстваў, а іх колькасцю. Так што чакайце яшчэ парачку “Фры Маркетаў" цягам наступнага году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)