Политика
Любоў Лунёва, ”Радыё Свабода”

Рух “За Свабоду” зьвярнуўся да рэктараў ВНУ з папярэджаньнем

Сёньня прадстаўнікі руху “За Свабоду” дашлюць лісты рэктарам амаль 30 беларускіх унівэрсытэтаў з папярэджаньнем аб пэрсанальнай адказнасьці за кожны выпадак адлічэньня студэнтаў-удзельнікаў апазыцыйных вулічных акцыяў. Летась паводле палітычных матываў з вучобы адлічылі больш за 300 чалавек.

Рэктары менскіх ВНУ атрымаюць лісты сёньня. У навучальныя ўстановы, якія знаходзяцца ў абласных гарадах, лісты прыйдуць заўтра, 22 сакавіка.

Напярэдадні маючых адбыцца вясновых акцый апазыцыі, аўтары лістоў даводзяць да ведама рэктараў, што яны будуць несьці асабістую адказнасьць у выпадку адлічэньня студэнтаў за ўдзел у мірных акцыях.

Актывістка руху “За Свабоду” Алена Танкачова паведаміла “Свабодзе”:

“Рух “За Свабоду” разглядае адлічэньне студэнтаў, якія будуць пакараныя судом, перасьледам за іншадумства. Рэктарам паведамляецца, што яны нясуць пэрсанальную адказнасьць за рэпрэсіі. У дадзены момант вядзецца маніторынг выпадкаў адлічэньня студэнтаў з ВНУ. Гэта спроба давесьці да ведама рэктараў, што грамадзкасьці стануць вядомыя ўсе гэтыя факты. Паводле міжнароднага права, гэта ёсьць ня толькі перасьледам за іншадумства, але й парушэньнем акадэмічных свабодаў”.

Паводле дадзеных групы грамадзянскага назіраньня руху “За Свабоду”, за ўдзел у вулічных акцыях апазыцыі летась з вучобы адлічылі больш за тры сотні студэнтаў. Большасьць студэнтаў выключылі з ВНУ, якія знаходзяцца ў Менску — БДУ, Пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя М.Танка, з Унівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, БНТУ, эканамічнага, тэхналягічнага і аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэтаў, а таксама з Акадэміі музыкі.

У такіх умовах стыхійна стварыўся Камітэт дапамогі палітрэпрэсаваным і іх сем’ям. Гаворыць старшыня камітэту Іна Кулей:

“Камітэт дапамогі палітрэпрэсаваным “Салідарнасьць” падлічваў усе гэтыя выпадкі, якія адбываліся са студэнтамі летась пасьля вясновых падзеяў. Разам зь іншымі праваабаронцамі мы пільна сочым за тым, што адбываецца ў акадэмічным асяродзьдзі. Студэнты вымушаныя былі пакідаць краіну і вучыцца ў замежжы. Яны не хацелі гэтага, але былі прымушаныя. Мы хочам, каб гэта не паўтарылася”.

Цягам двух апошніх тыдняў некаторых актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” выклікалі да дэканаў і там уручалі ім позвы на допыты. Але ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі пакуль ня меў для іх нэгатыўных наступстваў на вучобе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)