Филин

Сяргей Васілеўскі

Рудкоўскі: Пуцін наўрад ці будзе абараняць сваю ўладу з дапамогай ядернай зброі

Акадэмічны дырэктар BISS Петр Рудкоўскі расказаў Филину, чаму Крэмль не назваў вайну ва Украіне вайной.

Фота ТАСС

— Прэс-сакратар Пуціна выказаўся наконт магчымага прымянення ядзернай зброі. Маўляў, гэта будзе зроблена выключна ў выпадку непасрэднай небяспекі існаванню Расіі. На прыкладзе Лукашэнкі мы ведаем, што ён даўно перастаў аддзяляць сябе ад дзяржавы. Ці можа замах на існаванне расійскай улады расцэнены ёй, як замах на дзяржаву?

— Абараняць сваю ўладу з дапамогай ядзернай зброі Пуцін наўрад ці будзе, незалежна ад таго, наколькі моцна атаясамляе свой рэжым з Расіяй і наколькі жахлівай для яго з’яўляецца перспектыва страты ўлады.

Выкарыстанне такога тыпу зброі абумоўлена не толькі праўна-дактрынальнымі аспектамі (напрыклад, наяўнасць рэальнай і ідэнтыфікавальнай пагрозы для краіны), але таксама і арганізацыйнымі.

Пуцін можа даць санкцыю на выкарыстанне зброі, але не ён запускае ракеты з ядзернымі боегалоўкамі — гэтым займаюцца высокакваліфікаваныя ваенныя спецыялісты. 

З нашай перспектывы ёсць апасенне, што гэтыя спецыялісты ўсё ж могуць выканаць нейкі ідыёцкі загад Пуціна. Так, такога мы не можам выключыць.

А ў самога Пуціна ёсць адваротнае апасенне: у выпадку, калі без рэальнай і ідэнтыфікавальнай пагрозы ён выдасць загад на прымяненне ядзернай зброі, загад можа быць не выкананы.

І гэтае апасенне небеспадстаўнае: існуюць праўна-дактрынальныя моманты, гэта раз, існуе яскравае разуменне наступстваў выкарыстання такой зброі — гэта два. 

Гляньце: каб ажыццявіць напад на Украіну Пуцін не мог дазволіць сабе назвай гэта «вайной» (што значна спрасціла б справу, як хаця б ажыццяўленне частковай ці поўнай мабілізацыі, якая цяпер для Крамля востра патрэбная).

Чаму не назваў «вайной»? Бо праблемы з абгрунтаваннем мэтазгоднасці былі б яшчэ большымі, асабліва ў вачах эліт. У выпадку выкарыстання ядзернай зброі праблемы з мэтазгоднасцю былі б у дзясяткі разоў большымі. 

— Расійскі філосаф Уладзімір Пастухоў піша пра беспрэцэдэнтную падтрымку «спецаперацыі» ва Украіне з боку пераважнай большасці расейцаў. І тлумачыць гэта тым, што Крамлю ўдалося прышчапіць свайму грамадству ідэі славянскага еўразійства. Ці азначае такая падтрымка тое, што мабілізацыя, з якой расійская ўлада пакуль цягне, можа мець поспех?

— Беспрэцэдэнтную? Я б так не сказаў. Беспрэцэдэнтнай можна было назваць падтрымку анэксіі Крыма (падтрымка сярод расіянаў зашкальвала часам за 90%). Зараз нават прыкрамлёўскі ВЦИОМ паказвае, што супраціў «спецаперацыі» вагаецца між 17 і 22%. Падтрымка — паміж 65% і 74%. Гэта, падкрэслю, дадзеныя дзяржаўнага сацыялагічнага цэнтра. Спробы апытанняў недзяржаўнымі цэнтрамі (напрыклад, Russian Field у супрацы з Максімам Кацам) выявілі, што абсалютная большасць расіян адмаўляецца выказвацца на гэту тэму.

Фактар страху цяпер вельмі высокі. Не ўваходзячы ў дэталі, выпадае сказаць наступнае: крымскага эфекту нават блізка няма — ні ў плане самой «спецаперацыі», ні ў плане ўздзеяння на грамадскую думку.

Тое, што можна з упэўненасцю казаць, што як мінімум 20% расіян супраць «аперацыі». А гэта, у абсалютных лічбах, каля 30 млн! Колькі праціўнікаў насамрэч — каб даведацца гэта, трэба, каб паслабіўся фактар страху і людзі пачалі пагаджацца адказваць на пытанні сацыялагічных цэнтраў. 

Што да ідэалагічнай складовай цяперашняга працэсу — еўразійства — гэта асобная тэма. Я ёю, хоць нерэгулярна, займаюся з пачатку нулявых. Скажу тут толькі дзве рэчы: так, гэта не пусты гук, ёсць нешта такое, як еўразійская ідэалогія і яна мае акрэслены ўплыў; што да «славянскасці» — так, яна ў нечым інспіруецца колішнім славянафільствам, але гэта ўсё ж не славянацэнтрычная з’ява. У цэнтры тут — культ сілы і экспансіі, а не панславянская ідэя.

— Як выявілася, немалая колькасць беларусаў лічыць апраўданай расійскую агрэсію. Ваяваць самім, вядома, ім не хочацца, але вайну як такую яны прымаюць. Што з гэтым рабіць? Ці дапаможа адно толькі адключэнне або блакіроўка прапаганды, ці тут патрэбныя больш глыбокія падыходы?

— З тых дадзеных, якія ёсць у мяне на дадзены момант, вынікае, што колькасць тых, хто асуджае «спецаперацыю», пераважае над тымі, хто апраўдвае яе (сярод беларусаў).

Аналагічна як у Расіі, многія баяцца выказвацца на гэтыя тэмы. Але асуджэнне нашмат больш выразнае, чым сярод саміх расіянаў. Ну, а што да заангажавання беларускай арміі, то тут так — абсалютная бальшыня супраць, у тым ліку тыя, хто ўспрымаюць «аперацыю» пазітыўна.

Гэта праўда, што нямала беларусаў застаюцца падатлівымі на прапаганду; узрасла сярод беларусаў аўдыторыя расійскіх СМІ — гэта праўда, і гэта нам трэба ўспрымаць як выклік. Але сітуацыя моцна розніцца ад той, што была ў 2014 годзе, калі значная большасць падтрылівала анэксію.

Зараз нават блізка такога няма. Таму патэнцыял для супраціву расійскай агрэсіі ўжо ёсць у Беларусі, цалкам вялікі патэнцыял. Трэба яго пашыраць і ўмацоўваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(27)