Политика

Наталля Север

Рудкоўскі: Паміж Венесуэлай 2019 года і Беларуссю пасля 2020-га больш адрозненняў, чым падабенстваў

Доктар філасофіі, палітолаг Пётр Рудкоўскі — пра паралелі беларускай і венесуэльскай рэчаіснасці.

Фота AFP

Шмат беларусаў уважліва назіраюць за пратэстамі ў Венесуэле, якія адбыліся пасля чарговых выбараў прэзідэнта 28 ліпеня.

Трэба сказаць, сачыць за чым ёсць: дзеючы прэзідэнт, які балатаваўся на трэці тэрмін запар, прыцягненне да крымінальнай адказнасці іншых папулярных кандыдатаў ды апазіцыянераў, якія да таго ж пазбаўленыя доступу да дзяржаўных медыяў.

Далей выбаркам, які, нягледзячы на шматлікія парушэнні і фальсіфікацыі, упэўнена заявіў аб перамозе Мадуры, шматтысячныя драматычныя пратэсты і жорсткія разгоны.

А яшчэ раней у сучаснай гісторыі гэтай краіны ў 2019 годзе быў апазіцыйны парламент і яго лідар Хуан Гуайдо, які абвясціў сябе часовым прэзідэнтам. Яго нават прызналі 19 краін, а апазіцыйны парламент на чале з Гуайдо падтрымала 21 краіна.

Гуайдо быў вымушаны з'ехаць з краіны, а ў кастрычніку 2023 года Генеральная пракуратура Венесуэлы выдала ордэр на яго арышт за злачынствы, звязаныя ў тым ліку з дзяржаўнай здрадай і захопам улады.

Здаецца, паралелі з беларускай рэчаіснасцю напрошваюцца самі сабой. Пагаварылі з палітолагам аб тым, ці слушна іх рабіць.

Пётр Рудкоўскі

— Паміж Венесуэлай 2019 года і Беларуссю пасля 2020-га больш адрозненняў, чым падабенстваў, — адзначае ў каментары «Салідарнасці» Пётр Рудкоўскі. — Асноўнае падабенства палягае ў тым, што прэзідэнты-аўтакраты — Нікалас Мадура і Аляксандр Лукашэнка — падчас чарговага пераабрання займелі сур'ёзныя праблемы з легітымнасцю як унутры сваіх краін, так і на міжнароднай арэне.

Другое падабенства ў тым, што ў абодвух выпадках з'явіліся фігуры, якія былі сур'ёзнымі прэтэндэнтамі на легітымных лідараў сваіх народаў: Хуан Гуайдо і Святлана Ціханоўская. Але на гэтым падабенствы заканчваюцца.

Першая сур'ёзная розніца палягае ў тым, што Мадура займеў праблемы з легітымнасцю не столькі праз выбарчыя фальсіфікацыі, колькі з-за спробы разабрацца з парламентам неканстытуцыйным спосабам, неапраўданага пераносу тэрміну выбараў і беспадстаўнага здымання шэрагу кандыдатаў з выбарчай гонкі.

Заўважу, што на той час у парламенце абсалютную большасць складалі апазіцыйныя дэпутаты — рэч, неўяўляльная ў выпадку Беларусі ў 2019, 2020 ці наступных гадах.

Другое адрозненне ў тым, што статус легітымнага лідара Венесуэлы Хуан Гуайдо атрымаў не таму, што займеў электаральны поспех (у прэзідэнцкіх выбарах у 2018 годзе ён увогуле не прымаў удзелу), а ў якасці старшыні парламента.

Інаўгурацыя Мадуры 10 студзеня 2019 года была многімі прызнана несапраўднай, у сувязі з чым старшыня парламента па канстытуцыі прымаў функцыі прэзідэнта.

З фармальнага гледзішча, сітуацыя тут больш нагадвала 1999 год у Беларусі, калі заканчваўся першы пяцігадовы тэрмін прэзідэнцтва Лукашэнкі, а паколькі канстытуцыйны рэферэндум 1996 года выклікаў прававыя сумневы, некаторыя прапанавалі лічыць старшыню Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага легітымным кіраўніком дзяржавы.

Што праўда, у адрозненне ад Гуайдо, Шарэцкі не займеў шырокага прызнання, дый сам да гэтага не асабліва імкнуўся.

Астатнія адрозненні — стратэгіі ратавання сваёй улады з боку аўтакратаў, стратэгіі апазіцыі, дзеянні міжнародных актораў — гэта наступствы двух названых адрозненняў.

Абодва аўтакраты страшэнна любяць уладу, абодва шмат што могуць згубіць у выпадку страты ўлады, абодва спазналі сур'ёзныя выклікі, але кантэкст усяго гэтага, а таксама прычыны, якія да гэтага прывялі, адрозныя.

— Урад Гуайдо ў выгнанні не змог нічога зрабіць унутры краіны. А праз турбулентнасць у сваіх шэрагах апазіцыя страціла адзінства і адмовіла Гуайдо. Ці не пачынаюцца тыя ж працэсы ў колах беларускіх дэмакратычных сіл?

— Я магу ўявіць групу з сямі-дзесяці чалавек, якая на працягу трох-чатырох гадоў захавае поўнае адзінства і будзе функцыянаваць без турбулентнасці.

Але не магу ўявіць супольнасць з сотняў ці тысяч чалавек, якая цягам гадоў пражыве без турбулентнасці. Гэта была б сацыялагічная анамалія.

Праблема не ў звадках ці канфліктах, а ў тым, што мы з імі робім.

У Венесуэле апазіцыя не знікла і не распалася, змянілася толькі канфігурацыя лідараў цягам апошніх пяці гадоў. Няма падстаў таксама чакаць распаду або знікнення беларускай апазіцыі.

Адзінае, што грае значную ролю ў нашым выпадку, яўная апазіцыя выцесненая за мяжу, а каналы камунікацыі з насельніцтвам унутры Беларусі зараз вельмі абмежаваныя.

— Зараз у Венесуэле ўзняліся зноў маштабныя пратэсты, нават нейкая частка сілавікоў нібыта перайшла на бок народу. Мы не ведаем, чым скончыцца гэта супрацьстаянне, але ці магчыма такое праз час у Беларусі?

— У Венесуэле грамадства нашмат больш падзелена, чым у Беларусі, і гэтыя падзелы праходзяць таксама ўздоўж сілавых структур.

Варта таксама памятаць, што да 2017 года Венесуэла не была нават аўтакратыяй: у парламенце апазіцыя была шырока прадстаўлена (нават складала большасць!), многія мэры і мясцовыя ўлады былі апазіцыйнымі, галасы на выбарах лічыліся больш-менш адэкватна. Таму пратэстны патэнцыял там, натуральна, мацнейшы, чым зараз у Беларусі.

З другога боку, рэжым Мадуры мае ў сваім распараджэнні нафтавыя даходы, дзякуючы чаму ён у значна меншай ступені фінансава залежыць ад падаткаплацельшчыкаў, то бок грамадзян, чым Лукашэнка ў Беларусі.

Таму Мадуру так цяжка звергнуць, хоць нават кішэнная Нацыянальная Выбарчая Рада (аналаг нашага ЦВК) наважылася яму прызнаць усяго 52%, а апазіцыйнаму кандыдату — ажно 48%.

У Беларусі таксама рэпрэсіўны апарат больш цэнтралізаваны. У Венесуэле вялікую ролю адыгрываюць бандзюкі, якіх рэжым цкуе на пратэстоўцаў.

У выніку — за гэтыя дні пратэстаў у Венесуэле загінула больш за 10 пратэстуючых — не нашмат меней, чым у нас за чатыры гады жорсткіх рэпрэсій.

А цягам 2017-2021 гадоў у Венесуэле загінула больш за 200 пратэстоўцаў.

Таму «пераход на бок народа» часткі сілавікоў у Венесуэле мала што мяняе — найбольш жорсткія рэпрэсіі адбываюцца праз пасрэдніцтва парамілітарных груповак, а перайшоўшыя на бок народа сілавікі не ў стане іх стрымаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(4)