Филин

Наталля Север

Рудкоўскі: «Макей быў антыподам для другога доўгажыхара сістэмы — Шэймана»

Палітолаг — пра тых, хто зараз мог бы пайсці шляхам лібералізацыі. Але не дазволяць.

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі падзяліўся з «Філінам» сваім меркаваннем наконт ролі Ўладзімiра Макея ў дзяржаўнай сістэме, часткай якой ён быў на працягу больш як 20 гадоў.

— Канешне, Макей быў даволі важнай часткай гэтай сістэмы, — лічыць палітолаг. — Унутры яе было нейкае такое поле, як па мерках аўтарытарнага рэжыму, і немалое, на якім ён адносна аўтаномна дзейнічаў у залежнасці ад унутрыпалітычнай і знешнепалітычнай сітуацыі.

Часам яго роля вельмі ўзрастала, часам змяншалася. За той час, які Макей быў на розных пасадах, пры ўсім тым, што сістэма заставалася аўтарытарнай, тым не менш, былі розныя перыяды, адбываліся пэўныя з’явы.

Суразмоўца адзначае два асноўныя перыяды, у якія Макей змог стаць адметнай фігурай.

— Перыяд першай лібералізацыі адбываўся ў 2008-2009 годзе, чарговы быў пазней, пасля анэксіі Крыму, з 2014 да 2020 года.

Ва ўсіх гэтых гісторыях Макей адыгрываў пэўную ролю. То бок ён быў тым, хто, наколькі гэта дазваляла сістэма, падтрымліваў гэтыя працэсы і ў нейкім сэнсе стымуляваў іх.

Асабліва гэта можна было заўважыць падчас апошняга перыяду (з 2014 па 2020 год). Ён адзначыўся трыма асноўнымі працэсамі: збліжэнне з Захадам, палітычная і эканамічная лібералізацыя, і трэцяе — гэта пэўныя сімптомы нацыянальнага адраджэння.

Ва ўсіх гэтых трох працэсах Макей удзельнічаў, гэта было відавочна.

Таксама ён утвараў своеасаблівы антыпод для другога доўгажыхара сістэмы — Віктара Шэймана. Гэта былі такія два, можна сказаць, полюса ўнутры гэтай сістэмы. Шэйман — сілавік, які дзейнічаў на мяжы бізнесу і сілавога ўздзеяння.

Але Макей, нашмат больш інтэлектуальна прасунуты чалавек, утвараў такое напружанне з ім. З гледзішча сістэмы раўнавагі рэжыму, існавалі гэтыя два полюса.

— А далей, з пункту гледжання раўнавагі, хто змог бы стаць антыподам Шэймана ў гэтай сістэме?

— Цяжка сказаць. Там узгадваюць шмат імёнаў. Асабіста я не хацеў бы бачыць на гэтай пасадзе Андрэя Савіных і Юрыя Амбразевіча, бо яны заўзятыя прыхільнікі «рускага свету».

Спасярод чыста тэарэтычных кандыдатур, якія маглі б быць пазітыўнымі, я б назваў Валера Варанецкага і Віктара Шадурскага.

Але, мяркую, у цяперашняй сітуацыі іх прызначэнне нерэальна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(8)