Политика
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

Рубцова пасадзілі на 2 гады калёніі

Пружанскі раённы суд вынес вырак актывісту з Гомеля Юрыю Рубцову, які трымаў галадоўку пратэсту 50 дзён.

Судзьдя прызнаў Юрыя Рубцова вінаватым і пакараў 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Юры Рубцоў заявіў, што будзе абскарджваць прысуд, які ён лічыць несправядлівым. На пасяджэньне Рубцоў прыйшоў у кашулі зь бел-чырвона-белай стужкай.

Рубцоў сказаў, што спыніў галадоўку ў нядзелю, усяго ён галадаваў 50 сутак.

На разьвітаньне Рубцоў крыкнуў: «Жыве Беларусь!». Зь ім разьвіталіся мясцовыя актывісты, якія казалі міліцыянтам, што ўсіх не перасадзяць. Цяпер на спатканьне з Рубцовым пайшлі яго жонка Ядвіга і сын Віктар.

Сын Юрыя Рубцова Віктар распавёў Свабодзе зьмест гутаркі з бацькам. Юры Рубцоў сказаў, у прыватнасьці, сыну і жонцы, што ні аб чым не шкадуе, што за прыемнасьць выказацца на адрас Лукашэнкі ён гатовы адбыць за кратамі і болей. Галадаваць больш ня будзе, мэта ягонай галадоўкі была — дамагчыся адкрытага паседжаньня, і яна дасягнута. 2 гады ў калёніі ён будзе выкарыстоўваць для вывучэньня беларускай мовы.

"Бацька спадзяецца, што ўсё будзе добра. Цікавіўся падзеямі ва Ўкраіне. Перадаваў усім падзяку за салідарнасьць", — распавёў Віктар Рубцоў.

Раней актывіст быў асуджаны на 1,5 года «хіміі», якія адбываў у спэцкамэндатуры вёскі Куплін Пружанскага раёну.

Сьледчыя даводзілі, што Рубцоў нібыта ўхіляўся ад адбыцьця пакараньня, бо адмовіўся працаваць на тых працах, якія яму прапаноўвалі. Юры Рубцоў на гэта заяўляе, што не адмаўляўся ад працы зусім, але патрабаваў даць яму працу з заробкам ня меней за 600 даляраў на месяц — што адпавядае сярэднестатыстычнаму паказчыку па краіне.

8 красавіка, калі Юрыя Рубцова зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар паводле гэтага абвінавачаньня, ён абвясьціў галадоўку пратэсту. З таго часу Юрыя Рубцова наведалі адвакат і мэдыкі.

Юры Рубцоў значна схуднеў. Гэта стала бачным, калі ён зьняў верхнюю вопратку і прадэманстраваў прысутным на судзе зробленую на ўсю грудную клетку татуіроўку «Лукашенко, уходи».

У судовай залі актывісты надзелі майкі з надпісамі: «Лукашэнка, сыходзь!».

У сваім апошнім слове 27 траўня Юры Рубцоў сказаў: «Мяне судзяць за тое, што я патрабаваў заробку, які Лукашэнка абяцаў яшчэ ў 2010 годзе і ня выканаў абяцаньня».

Рубцоў адзначыў: нягледзячы ні на што, ён перамагае на гэтым судовым працэсе. Ён сказаў, што хоча папрасіць прабачэньня толькі ў сваёй сям’і за тое, што прынёс ім некаторыя непрыемнасьці. Таксама ён папрасіў прабачэньня за тое, што не казаў свайго апошняга слова па-беларуску. Заявіў, што лічыць сябе невінаватым і што жыў па законе. Пасьля гэтага ў залі суду прагучалі аплядысмэнты. Рубцова слухалі вельмі ўважліва, ён прамаўляў амаль паўгадзіны.

У канцы 2014 году Юры Рубцоў атрымаў 1,5 года «хіміі» за абразу судзьдзі. Інцыдэнт здарыўся пасьля Чарнобыльскага шляху ў красавіку таго ж году. На шэсьце, якое праходзіла ў Менску, Юры Рубцоў прыехаў адмыслова з Гомеля, падчас шэсьця на ім была майка з надпісам «Лукашэнка, сыходзь». Пасьля шэсьця Юрыя Рубцова затрымалі міліцыянты. Праз два дні яго прывезьлі ў Савецкі раённы суд Менску бяз майкі — голым па пояс. За тое, што судзьдзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць яго ў такім выглядзе, Юры Рубцоў назваў судзьдзю словам, якое Цэнтральны раённы суд Менску прызнаў абразай.