Коктейль
Юлія Ружачка

Рок-н-ролл жыве ў Лагойску?

У спартыўным коплексе “Лагойск” у чацвёрты раз прайшоў “Бітлз-фэст”. За некалькі год фестываль стаўся своеасаблівай традыцыяй і своеасаблівым пачаткам лета, спякотнага, багатага на ўражанні і падзеі, крыху хіповага. І нават тое, што сёлета час правядзення фэста прыпаў акурат на сярэдзіну студэнцкай сесіі, не паўплывала на “мэтавую аўдыторыю”, якую, па вялікім рахунку, складае маладое пакаленне.

Хаця гэта падаецца крыху дзіўным, бо зорны час ліверпульскай чацвёркі, здаецца, у мінулым. Але ж... Падчас мерапрыемства да нас звярнуўся даволі тыповы для незвычайных хіповых асяроддзяў 70х гадоў чалавек і запытаўся, чаму мы любім Бітлз, маўляў, гэта музыка іх маладосці. Але лепшы і найбольш верны адказ досыць просты: “Бітлз — гэта музыка на ўсе часы. Гэта сапраўднае”.

Сама атмасфера Бітлз-фэста найлепш апісваецца словам “сапраўдна”. Гэта сапраўдныя усмешкі на тварах гледачоў, гэта сапраўдная прафесійнасць музыкаў, годны выгляд міжнароднага музычнага фэста, сапраўдная добразычлівасць... Падчас фестывалю ладзіліся так званыя конкурсы сярод гледачоў, дзе можна было праявіць сваё веданне біяграфіі улюбёнага гурта, хуткасць дабягання да сцэны і за правільныя адказы атрымаць сваю ўзнагароду — прыз ад аднаго са спонсараў, ды паспрабаваць пранесці яго у іншую кропку канцэртнай пляцоўкі праз натоўп тых, хто жадае раздзяліць з пераможцам гэтую самую ўзнагароду.

Але, на жаль, дабрацца да ўсяго гэтага цуду было не так лёгка, як спадзяваўся просты народ ды як было абяцана арганізатарамі. Вялізныя чэргі, маленькія аўтобусы (безумозна, іх стылізацыя пад мінуўшчыну радавала вока, але ніяк не адпавядала астатнім крытэрам камфортнага даезду), незразумелыя кошты квіткоў (за магчымасць даехаць у адзін бок трэба было выкласці пяць тысяч беларускіх рубляў, для параўнання — у мінулым годзе кошт праезда складаў каля двух тысяч пры большай верагоднасці як мінімум свабодна стаяць падчас руху), цікавы шлях да Лагойску, калі большасць людзей так і не змагла зразумець, падаюць яны, выпадкова садзяцца на чыісьці калені ці ўсё ж такі стаяць на сваіх двух.

Музыкі то гралі з нейкім не заўсёды зразумелым энтузіязмам, то спрабавалі яшчэ больш разварушыць гледачоў і прапанаваць паспяваць разам, то пачыналі заігрываць з аўдыторыяй, якая больш прагнула відовішч і сапраўднай музыкі. Прычым, па умове сёлетняга мерапрыемства, кожны гурт мусіў выканаць адну песню з сольнай творчасці сэра Пола Макартні, акурат перад днём народзінаў якога (18 чэрвеня) і праходзіла свята.

У гэтым годзе да нас завітала сем музычных калектываў з іншых краін. Прыемна ўразілі і здзівілі выканаўца песень бітлоў на балалайцы Валерый Шчэжын з Самары, брытанцы “The Prellies”, якія нават па манеры грання прыпадабняюцца да славутых ліверпульцаў і штогод прымаюць удзел у Ліверпульскім Бітлз-тыдні; расейскі гурт “Back from the USSR”, заснавальнік якога — Валерый Ярушын — пачынаў сваю музычную кар’еру ў складзе папулярнага некалі “Арыэль”, а вакалістка гурта неафіцыйна была названа лепшай вакалісткай аднаго са штогадовых Ліверпульскіх тыдняў Бітлз. Нідэрландцы “Mal Evans Memorial Band” вылучыліся тым, што на ўдарных у іх грае дзяўчына — адзіная асоба жаночага полу сярод пяці музыкаў. А самым энергічным, пазітыўным і бітловым (калі ёсць сэнс ужываць гэтае слова ў дачыненні да Бітл-фэста) гуртом фэста сталі немцы “Lucy-in-the-sky”.

Калі справа блізілася да завяршэння (а ўсё добрае, як вядома, калісьці сканчаецца), гледачы з асаблівай цікавасцю пачалі чакаць выхаду спецыяльных гасцей фестываля, імя якіх арганізатары не называлі загаддзя. “Сюрпрыз фестываля....” з нейкай змоўшчыцкай інтанацыяй кажа вядучы.. І... раптам не чаканы замежны гурт, а беларускі бойз-бэнд у складзе чатырох маладзенькіх хлопцаў у прыгожых строях 70х гадоў ды з гітарамі ў руках. Адчувалася вельмі шмат юнацкага імпэту і крыху ганарлівасць ўжо досыць вядомых у пэўных колах музыкаў. Гурт “Артефакт” стаўся нейкім расчараваннем канцэрту. Ну, ці хаця б расчараваннем у фінале. Ці сапсаваны глядач-бітламан-аматар музыкі прызвычаіўся да таго, што фінал — гэта яркая кропка, ад якой вясёлкавыя ўсмешкі на тварах павялічваюцца да немагчымасці...

Але стан рэчаў “выправіў” нечаканы дождж, ад якога люд пачаў хавацца пад навесамі розных кіёскаў з напоямі-стравамі, а музыкі і ахова — пад навесам сцэны. І сімвалічна выглядала, як у фінале, пад песню сэра Макартні “Freedom”, на фоне развявання сцягоў брытанскай дзяржавы, пад навесам групаваліся міліцыянты...

Фэст прайшоў, а засталіся каля гадзіны чакання ў чарзе на аўтобус, адтанчаныя ногі, чыісьці згубленыя чаравікі на лагойскай пляцоўцы, ледзь не даведзеныя да бойкі нечыя непаразуменні ў аўтобусе, згадкі пра тое, што транспартныя сродкі арганізатараў і большай часткі міліцыі парушылі ў накірунку Мінска чамусьці паўгадзіны таму, неразуменне, чаму не адбылося абяцанага выхаду ўсіх музыкаў-удзельнікаў у фінале і чаму з двух заяўленых “спецыяльных гасцей” быў прадстаўлены адзін...

Шмат казалася пра ўзровень, маштабнасць і вартасць фестываля ў мінулыя гады. І, пэўна, занадта шмат. Бо пры параўнанні ўзроўня падрыхтоўкі і арганізацыі сёлетняе мерапрыемства прайграе. Але, на дзіва, пераадольваючы цяжкасць вяртання дамоў, усё ж шчаслівы народ разважаў над тым, як лепш дабірацца ў наступным годзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)