Коктейль
«Тузін гітоў», фота photo.bymedia.net

«Рок-каранацыя» пройдзе без узнагародаў

Цырымонія адбудзецца 18 лютага 2011 году ў фармаце гала-канцэрту. Сёлета «Рок-Каранацыя» спраўляе 15-годзьдзе, таму яе арганізатары вырашылі падрыхтаваць асаблівую імпрэзу.

Спачатку «Рок-Каранацыю-2010» плянавалася правесьці ў Палацы спорту, але заснавальнік і прадусар цырымоніі Юры Цыбін адмовіўся ад гэтай ідэі — занадта высокі кошт арэнды. Канцэрт пройдзе традыцыйна ў КЗ «Мінск». Ужо вызначаная дата — 18 лютага 2011 году. Вырашана, што ў ім возьмуць удзел героі ранейшых цырымоніяў. Імаверна, што «Рок-Каранацыя-2010» пройдзе ў зьмененым фармаце: замест ўзнагароджаньня герояў году, будзе гала-канцэрт.

Арганізатар «Рок-Каранацыі-2010» Павал Кашырын кажа, з кім з гуртоў ужо дасягнута дамоўленасьць на выступ 18 лютага. Гэта Neuro Dubel, «Крама», N.R.M., «БЕЗ БИЛЕТА», Drum Ecstasy, «Палац», KRIWI, Rasta, «Сузор’е». Дзею мае ўпрыгожыць плястычны тэатар «ІнЖэст» Вячаслава Іназемцава.