Общество
Анастасія Зелянкова

“Роднае слова” пад пагрозай знікнення

Міністэрства адукацыі мае намер перадаць часопіс “Роднае слова” Рэспубліканскаму унітарнаму прадпрыемству “Адукацыя і выхаванне”. Не выключана, што ў хуткім часе выданне будзе аб’яднана з часопісам “Беларуская мова і літаратура”, што, па сутнасці, азначае яго знікненне.

— Мы ўсхваляваныя і ўстрывожаныя гэтай сітуаццыяй, — адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Салідарнасці” выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара “Роднага слова” Ларыса Сагановіч. — У выпадку, калі “Роднае слова” сальюць з “Беларускай мовай і літаратурай”, часопіс проста перастане існаваць, а мы ўсе застанемся без працы. У нас вялікі калектыў, і, зразумела, “Беларускай мове і літаратуры” мы не патрэбныя — пакінуць два-тры чалавекі і ўсё.

— Пакуль што размова пра зліццё гэтых часопісаў не ідзе, — заверыў “Салідарнасць” дарадца міністра адукацыі па сувязях са СМІ Віктар Іўчанкаў. — Гутарка толькі, каб перадаць “Роднае слова” РУП “Адукацыя і выхаванне”, у склада якога ўжо ўваходзяць 29 часопісаў. Мы вырашылі пакуль не аб’ядноўваць “Роднае слова” з “Беларускай мовай і літаратура”, як меркавалася раней — у абодвух часопісаў нармальныя тыражы. Зразумела, што пэўная рэструктарызацыя будзе ўжо зараз. Скарачэнні у першую чаргу датычацца тэхнічных работнікаў — у РУП “Адукацыя і выхаванне” яны свае. Лепшыя ж творчыя супрацоўнікі, безумоўна, застануцца.

Між тым Віктар Іўчанкаў адзначыў, што зліццё часопісаў усё ж магчыма.

— Гэта будзе зроблена ў выпадку, калі “Роднае слова” не здолее вытрымліваць канкурэнцыю, — адзначыў ён.

Размовы пра тое, што “Роднае слова” ў бліжэйшы час чакае паглынанне, пачаліся незадоўга да таго, як галоўны рэдактар часопіса Міхась Шавыркін напрыканцы мінулага года пакінуў сваю пасаду. Афіцыйная фармулёўка звальнення гучала “па згодзе бакоў”, хаця, паводле інфармацыі, рэдактару настойліва прапанавалі напісаць заяву.

У рэдакцыі ўпэўнены, што праблемы звязаны са зместавай напоўненасцю часопіса.

— Не тых пісьменнікаў мы адзначаем, — кажа Ларыса Сагановіч. — Яшчэ Міхасю Шавыркіну неаднаразова даставалася за вокладкі, на якіх друкаваліся партрэты Бураўкіна, Гелевіча, Някляева — нібыта не вельмі гэта падабалася кіраўніцтву іншага саюза пісьменнікаў. Адсюль і жаданне нас зачыніць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)