Политика
Анастасія Зелянкова

РНЕ пайшло на Фронт

Каля ўвахода ў сядзібу БНФ сёння было знойдзена прыстасаванне, знешне падобнае на выбуховае. Пасля праверкі сапёраў высветлілася, што прадмет, які быў прымацаваны да ручкі дзвярэй, -- гэта толькі муляж. На месцы здарэння былі таксама знойдзеныя і ўлёткі з пагрозамі ад арганізацыі “Русское национальное единство” (РНЕ).

Як расказаў “Салідарнасці” намеснік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч, першай нечаканую знаходку ўбачыла адна з супрацоўніц, якая ў 10 гадзін раніцы прыйшла адчыняць офіс. Яна звярнула ўвагу на тое, што да ручкі дзвярэй скотчам прымацаваная нейкая бляшанка. Тэрмінова была выкліканая міліцыя, а затым і група сапёраў.

Высветлілася, што знаходка – гэта толькі імітацыя пад выбуховае прыстасаванне. Унутры бляшанкі знаходзіліся ўлёткі РНЕ з пагрозамі ў адрас партыі Беларускага народнага фронту. Аўтары ўлётак патрабавалі ад кіраўніцтва БНФ спыніць дзейнасць, накіраваную на дыскрэдытацыю існуючай ў Беларусі ўлады. Па факце злачынства ўзбуджана крымінальная справа.

-- Дагэтуль пагроз ад РНЕ мы ніколі не атрымлівалі, -- адзначае Віктар Івашкевіч. – Раней нам аблівалі дзверы чорнай фарбай, пакідалі розныя надпісы, але гэта было зроблена ад імя іншых арганізацый.

Між тым літаральна шэсць дзён таму падобнае папярэджанне ад РНЕ атрымала рэдакцыя газеты “Витебский курьер”. 18 ліпеня ананімныя пагрозы прыйшлі на адрас недзяржаўнай газеты “Intex-press” у Баранавічах, а месяц таму РНЕ даслала свае ўлёткі страшыні віцебскай гарадской арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алена Залеская. Ні ў адным з выпадкаў злачынцы не былі знойдзеныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)