Комментарии
Сяргей Навумчык, Радыё Свабода

Рэжым без фоташопу

Суд у справе Belarus Press Photo 2011 і прызнаньне альбому экстрэмісцкім абазначыў пераход рэжыму у новы якасны стан.

Да гэтага пра рэжым можна было казаць як пра дыктатуру (жорсткае падаўленьне, аж да забойстваў, палітычных апанэнтаў) і аўтакратыю (усё кантралюецца адной асобай).

Але пры аўтакратыі звычайна застаюцца “зоны свабоды” ці, лепей сказаць, своеасаблівыя палітычныя і інтэлектуальныя “гета”, дзе чалавек можа даць волю сваім меркаваньням. У часы Брэжнева іх ролю адыгрывалі “кухні” – не было сям’і, ад рабочага да члена ЦК і сакратара абкаму, дзе нельга было не пачуць анекдоты пра Леанід Ільіча (сьведчу як сын сакратара абкаму). Напрыклад, наш куратар на журфаку чула, як мы расказваем такія анэкдоты – і рабіла выгляд, што ня чуе. А вось пры Сталіне такое было немагчыма – яна павінна была б імгненна дакласьці, і нас бы безумоўна пасадзілі – а калі б не даклала, пасадзілі б яе.

Пры таталітарызме ўлада кантралюе ня толькі прэсу, плошчу, студэнцкую аўдыторыю, калектыў – яна кантралюе душу. Таксама, як адзначае Вікіпэдыя, “важнай асаблівасьцю таталітарызму зьяўляецца стварэньне ілюзіі поўнага ўхваленьня народам гэтай улады”.

Сутнасьць судовага працэсу ў Ашмянах – адлюстраваньне (без ідэалягічнага фоташопу!) рэчаіснасьці -- прызнанае парушэньнем закону. Такім чынам, з гэтага моманту ўлада бярэ на сабе функцыі вызначаць, як чалавек павінен ацэньваць тое, што бачыць навокал (у тым ліку і яе, уладу). Іншымі словамі – як ён павінен думаць.

Гэта ўжо – прыкмета таталітарызму.

Зусім магчыма, што гэтая прыкмета не атрымае разьвіцьця. Але ня выключана, што зробіца агульнай практыкай.

Як будзе – залежыць ад грамадзтва.

Своеаблівасьць Лукашэнкі ў тым, што цягам свайго амаль дзевятнаццацігадовага кіраваньня наступ на дэмакратыю, на свабоду, на нацыянальнае Адраджэньне ён рабіў, так бы мовіць, навобмацак: праглынуць ці не?

Зьняў з пасады галоўнага рэдактара парлямэнцкай газэты Сярэдзіча – грамадзтва, у большасьці, прамаўчала – і пачаўся маштабны ціск на прэсу.

Зьбіў дзвятнаццаць дэпутатаў БНФ – грамадзтва, у большасьці, прамаўчала – і пад дубінкамі АМАПу апынуліся тысячы і тысячы.

Ліквідаваў нацыянаьны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа – грамадзтва, у большасьці, прамаўчала – і зьявіліся абласныя цэнтры, дзе няма ніводнай беларускай клясы.

Як будзе далей – і цяпер залежыць ад грамадзтва. Прамаўчыць – значыць, можна будзе чакаць сьпяваньня дзяржаўнага гімну перад рабочай зьменай ды зачытваньня цытатаў кіраўніка дзяржавы перад пачаткам заняткаў у школах і ВНУ, як гэта адбываеца ў некаторых сярэднеазіяцкіх краінах і ў Паўночнай Карэі.

А той, хто ня будзе сьпяваць - пойдзе пад суд.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)