Рэванш Мікалая Чаргінца

Міхась Скобла ў Народная Волі – пра атрыманне Мікалаем Чаргінцом ганаровага звання.

Дваццаць восем гадоў у Беларусі ніхто не атрымліваў звання «Народны пісьменнік». Народныя мастакі з’яўляліся, народныя артысты знаходзіліся, а народныя пісьменнікі – не. Час ад часу, праўда, узнікалі чуткі, што тая ці іншая кандыдатура дзе трэба разглядаецца.

Але ўлада, паперабіраўшы, выносіла аднолькавы негалосны вердыкт – не годны. Ну не адшукваўся ў Беларусі пісьменнік, які адпавядаў бы і талентам сваім, і грамадзянскай пазіцыяй патрабаванням улады.

І вось нешта ў лесе здохла – пісьменнік такі нарэшце знайшоўся. Як знаходзіцца сякера пад лавай. Бо шукаць Мікалая Чаргінца – а ён і займеў доўгачаканае званне – асаблівай патрэбы не было. Мікалай Іванавіч заўсёды, што называецца, пад рукой – і ў Савеце Рэспублікі засядаў, і дзяржкамісіяй па маралі кіраваў, і прыўладным Саюзам пісьменнікам да апошняга часу руліў.

Архіўнае фота

Трэба прызнаць, што сярод сваіх васямнаццаці папярэднікаў – народных пісьменнікаў і паэтаў – ён наўрад ці будзе прыняты да агульнага гурта. Справа ў тым, што новы народны за ўсё жыццё не напісаў ніводнага твора на роднай мове беларускага народа, ён на ёй нават двух слоў звязаць не можа (прынамсі, у публічнай прасторы беларускай мовай ніколі не карыстаўся).

То ад імя якога народа Мікалай Чаргінец сабраўся выступаць? Якіх культурных каштоўнасцяў быць глашатаем? І ў каго паднімецца рука паставіць на адну паліцу чаргінцоўскія міліцэйскія дэтэктывы і, напрыклад, «Людзі на балоце» Івана Мележа ці «Знак бяды» Васіля Быкава?

А ставіць у пэўных сітуацыях прыйдзецца – званне абавязвае. І тут можна толькі пашкадаваць тых жа школьных бібліятэкарак, чыя кніжная гаспадарка неўзабаве папоўніцца творамі новага народнага. Бо ім давядзецца ўсё ж неяк засцерагаць школьнікаў ад раскіданых па яго раманах сцэнак.

Скажам, разгортвае бібліятэкарка кнігу Чаргінца, а там – інтымныя падрабязнасці з жыцця прэзідэнта. Амерыканскага, вядома ж. І ўсё апісана з такім веданнем справы, як быццам аўтар са свечкай стаяў над гаспадаром Авальнага кабінета ды яго каханкамі. Прашу прабачэння за пікантную цытату, але з песні слова не выкінеш:

«Идя за ней, он подумал: «А может, трахнуть ее?». Качая бедрами, она медленно стала приближаться к столу. «Стерва, – подумал Макоули, – она же знает, что я сейчас любуюсь ее фигурой, этими аппетитными ляжками! Смотри, как приоткрыла губы, они явно чего-то хотят!». Моника мгновенно прижалась к нему всем телом, и он почувствовал, как она все сильнее прижимается к его члену, который тут же зашевелился. «Кажется, стрелка компаса стала чувствовать север, – улыбнулся Макоули. – А ты чувствуешь?» – «О да! » – И рука Моники нежно погладила по ширинке его брюк. Гимеев нож Джона готов был лопнуть от приятного напряжения, и он тихо сказал: «Ты – сверху!»

Цытаты як цыкады – зазначыў адзін трапны ў вызначэннях класік, іх чуваць далёка. Вось і падобныя цытаты з Чаргінца, дзякуючы інтэрнэту, чутны і бачны паўсюль, хоць ты вушы затыкай і вочы зашорвай. Ды што цытаты – увесь раман «Тайны Овального кабинета», названы некаторымі крытыкамі парнаграфічным (і, як бачым, небеспадстаўна), знаходзіцца ў вольным доступе.

Бедныя беларускія школьнікі! Дагэтуль яны, праходзячы інтымную лірыку, нудзіліся над «Яварам і калінай» Купалы ды круцілі насамі, спрабуючы ўнюхаць, чым «Пахне чабор» Броўкі. А інтым, аказваецца, можа быць і такім – і таксама ж ад народнага пісьменніка, проста, як выглядае, больш сексуальна заклапочанага. Ён і без звання пралез у школьную праграму, а са званнем усіх празаікаў і паэтаў па гэтай лініі ўраз за пояс заткне.

Як ні дзіўна, схільнага да пахабшчыны Чаргінца вельмі абураюць кнігі з падобным, на яго гледзішча, зместам. Калі быў забаронены фотаальбом, выпушчаны ў свет выдавецтвам «Логвінаў», Мікалай Іванавіч накінуўся на яго з імпэтам сярэдневяковага інквізітара. Маўляў, забаранілі – «и поделом, потому что пошлятина», а выдавецтва «опустило книгу ниже плинтуса». Што ж, у чужым воку і стрэмка навідавоку, а ва ўласным і бервяно не відно.

Стварыўшы ў 2005 годзе прыўладны Саюз пісьменнікаў і заняўшы ў захопленым Доме літаратара кабінет, дзе раней сядзелі Максім Танк і Ніл Гілевіч, Мікалай Чаргінец як мог і дзе мог піхаў палкі ў колы саюзу-канкурэнту, шмат разоў зняважліва выказваўся на адрас «не своих» пісьменнікаў.

Мне і сёння прыгадваецца, як перажываў нябожчык Васіль Якавенка, калі Чаргінец публічна звінаваціў яго і Уладзіміра Арлова ў тым, што яны «хотят переименовать улицы именами фашистов, в том числе Кубэ». Вось так квэцнуў без усякіх на тое падстаў і далей пайшоў – другіх квэцаць. Падобнай квацаніны ў шматлікіх чаргінцоўскіх інтэрв’ю – «БЕЛАЗ» з прычэпам.

А яшчэ ў тым «БЕЛАЗе» – тоны і тоны літаратурнай прадукцыі. Пачытаеш – мова пластмасавая, нежывая, прычасана-правільная, як быццам не чалавек пісаў, а камп’ютарная праграма. Чытво гэткае адпаведна і ўспрымалася калегамі-пісьменнікамі. Па-свойму паказальны факт: Мікалая Чаргінца ў свой час, нягледзячы на высокі міліцэйскі чын, не прынялі ў Саюз пісьменнікаў.

Падчас абмеркавання на прыёмнай камісіі падняўся адзін з самых аўтарытэтных празаікаў Іван Пташнікаў і заявіў (яго словы зафіксаваны ва ўспамінах удзельнікаў абмеркавання): «Вельмі паважаю міліцыю і вельмі люблю чытаць дэтэктывы, але вось гэта (меўся на ўвазе стос кніг Чаргінца) ніякага дачынення да літаратуры не мае». Сказаў – як звязаў. І таварышу генералу было паказана на дзверы.

Думаю, што праз пэўны час адстаўным генералам Чаргінцом у імкненні заняць танкаўскі кабінет рухала яшчэ і прага рэваншу: ах, вы мяне за дзверы выставілі, а я праз акно ўлезу і сяду ў старшынёўскае крэсла. Улез і сеў. І сядзеў амаль сямнаццаць гадоў, ва ўсім падпяваючы ўладзе, нават у адбельванні людажэра Сталіна.

Адчуўшы ў высокіх кабінетах адпаведныя павевы, Чаргінец тут жа выказаўся: «Мне импонирует его взвешенность во многих вопросах. И потом посмотрите, как он относился к писателям. С величайшим вниманием и почтением».

Дзясяткі беларускіх пісьменнікаў расстраляны ў Курапатах – вось такое сталінскае «внимание». Сотні беларускіх пісьменнікаў прайшлі праз ГУЛаг, многія там засталіся навечна – вось такое сталінскае «почтение».

Ведае пра гэта Чаргінец? Вядома ж, ведае. Але за такія веды ганаровага звання ў сённяшняй Беларусі не атрымаеш.

Паказальным бачыцца і тое, што народным пісьменнікам Мікалай Чаргінец стаў менавіта цяпер, калі русіфікацыя Беларусі дасягнула найвышэйшай кропкі, калі беларуская культура фактычна разгромлена, калі многія пісьменнікі сядзяць у турме ці выпхнутыя ў эміграцыю, калі адзінай меркай любога таленту стала сабачая адданасць уладзе. Тут Чаргінец, кажучы яго мовай, сапраўды «преуспел». За што і быў аддзячаны.

Як пісаў Янка Брыль пра аналагічную сітуацыю яшчэ за савецкім часам: «Дадуць Героя – будзеш і герой. У гэтым усё – каб далі». А Пімен Панчанка, дачуўшыся, што званне народнага сабраліся даць шматтомнаму графаману і даносчыку, пайшоў да Петруся Броўкі і заявіў: «Калі яму дадуць, я адмоўлюся, і ты адмовішся, бо гэта ж ганьба!»

Як яны там, у нябеснай Беларусі, – васямнаццаць па-сапраўднаму народных – перажываюць сённяшнюю ганьбу? Можа, таксама вырашылі адмовіцца ад дыскрэдытаванага найвышэйшым указам звання?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(41)