Общество
Анастасія Зелянкова

Рэстаран замест бібліятэкі

Саюз беларускіх пісьменнікаў мае намер ініцыяваць збор сродкаў. Звярнуцца да грамадскасці творцаў вымушае пагроза прымусовага высялення іх з будынку. Ужо сёння Саюз беларускіх пісьменнікаў павінен быў пакінуць Дом літаратара. Аднак гэтага не адбылося.

— Мы пакуль застаемся тут, — абвяшчаў кожнаму, хто ўваходзіў у пакой, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч і, бачачы натуральнае здзіўленне на тварах, дадаваў: — Высяленне пераносіцца на сераду.

Як аказалася, аднесці дату высялення на больш позні тэрмін, 30 жніўня, стала магчыма дзякуючы пермовам кіраўніцтва СБП і прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта. Між тым судовыя прыставы з’явіліся на месца, як то і было раней прадпісана, аб 11-й гадзіне. Яны заявілі, што не ведаюць ні пра якую дамову. У выніку, пісьменнікам прыйшлося тэрмінова тэлефанаваць, каб зняць непаразуменне.

— Мы таксама да апошняй хвіліны былі ўпэўненыя, што сёння нас выселяць, — кажуць творцы. — Ужо палову рэчаў знеслі ўніз у падвал.

Сапраўды, у прыёмнай кабінета ўжо амаль нічога не засталося. Сам мэмарыяльны пакой Танка пакуль што застаўся некранутым. Яшчэ раней цалкам быў вызвалены ад кніг і абсталявання пакой, дзе раней знаходзіўся кніжны фонд Саюза пісьменнікаў.

— Усе кнігі мы перадалі бібліятэкам, — расказвае Вольга Іпатава. — Гэта шэсцьдзесят тысяч тамоў. Прычым гэтыя кнігі унікальныя. Частку ўзяла бібліятэка ў Лідзе, а частка трапіла ў прэзідэнцкую бібліятэку. Мы планавалі, што за кошт гэтых кніг нам спішуць запазычанасць за арэнду. Аднак, нам заяівілі, што зараз прэзідэнцкая бібліятэка не мае грошай. Парадокс у тым, што гэтая бібліятэка знаходзіцца на балансе Кіраўніцтва справамі прэзідэнта — той арганізацыі, якой мы нібыта запазычылі за арэнду.

Нагадаем, сёлета ў сакавіку гаспадарчы суд пастанавіў выплаціць на карысць Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва спраў прэзідэнта 55 мільёнаў рублёў за арэнду памяшканняў. Пісьменнікі з гэтым рашэннем не згодныя. Справа ў тым, што будынак Дома літаратара некалі цалкам належаў Саюзу пісьменнікаў. Так было да 1997 года, пакуль улады не забралі і перадалі дом на баланс Кіраўніцтва спраў прэзідэнта. Літаратарам жа пакінулі толькі некалькі памяшканняў. Пазней высветлілася, што Саюз, які раней заўсёды быў на дзяржаўным фінансаванні, цяпер павінен яшчэ і сплочваць і арэндную плату.

— Мала таго, што ў нас забралі ўсе памяшканні разам з мэбляй, цяпер яны яшчэ і выкідаюць нас на вуліцу, — абураецца Вольга Іпатава. — У бібліятэцы, якая памятае Быкава і Брыля, у якую мы ўваходзілі, як ў храм, яны збіраюцца рабіць рэстаран. А танкаўскі кабінет? Для нас гэта не проста нейкае службовае памяшканне, гэта святое месца. Тут сабраныя унікальныя рэчы, фактычна музейныя каштоўнасці.

Падтрымаць пісьменнікаў сёння прыйшоў і экс-кандыдат у прзідэнты Аляксандр Мілінкевіч.

— Сёння мы павінны быць усе разам, інакш нас проста задушаць паасобку, — адзначыў ён. — Для мяне пісьменнікі — гэта не проста майстры слова. Гэта беларуская эліта. Упэўнены, што за тое, што сёння робіцца, ўлада абавязкова будзе несці адказнасць, і ў першую чаргу гістарычную.

Адтэрміноўку высялення пісьменнікі плануюць скарыстаць для таго, каб пачаць перагаворы з адміністрацыяй будынка і заключыць дамову на арэнду. Гэта будзе магчыма толькі ў тым выпадку, калі творчая арганізацыя пачне сплочваць запазычанасць. З гэтай нагоды Саюз беларускіх пісьменнікаў мае намер звярнуцца да грамадскасці з просьбай дапамагчы ім сабраць неабходную суму.

— Мы будзем радыя любой дапамозе, — кажа Вольга Іпатава. — Толькі разам мы зможам абараніць наш Саюз.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)