Общество

Рэстарацыя «Поедем поедим» запатрабавала крымінальнай справы супраць абаронцаў Курапатаў

У міліцыі Менскага раёну пачалі праверку па заяве ўласьнікаў забаўляльнага комплексу ля Курапацкага мэмарыялу, паведамляе Радыё Свабода.

Сустаршыня БХД, абаронца Курапатаў Павал Севярынец паведаміў Свабодзе, што кіраўніцтва рэстарана «Поедем поедим» падало ў Бараўлянскае аддзяленьне міліцыі Менскага раёну заяву аб завядзеньні крымінальнай справы супраць абаронцаў Курапатаў.

Як даведаўся Павал Севярынец, чатырох актывістаў выклікалі ў міліцыю: яго самога, а таксама Зьмітра Дашкевіча, Ганну Шапуцьку і Дзяніса Ўрбановіча.

— Пра гэта сёньня мне паведаміў участковы міліцыянт Алег Чарук. Ён сказаў, што справа яшчэ не заведзеная, але паводле заявы распачатая праверка. У якім мы статусе, падазроных ці сьведак, міліцыянт не сказаў. Таксама ўчастковы не сказаў, паводле якога артыкулу можа быць заведзеная крымінальная справа. Маўляў, усё вырашыцца па выніках праверкі.

Як паведаміў Павал Севярынец, днямі ён зь іншымі актывістамі зьбіраецца падаць у міліцыю сустрэчную заяву на ўласьнікаў рэстарана «Поедем поедим».

 — Ёсьць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія, як мы лічым, былі парушаныя і цяпер парушаюцца ўласьнікамі гэтай установы. Неўзабаве мы ўсё гэта агучым, — сказаў Павал Севярынец.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)