«Рэспубліка» абяцае не друкаваць правакацыйных матэрыялаў

Урадавая газета «Рэспубліка» папрасіла прабачэння за свае нядаўнія публікацыі, прысвечаныя памерламу Папе рымскаму Яну Паўлу II і Каталіцкаму Касцёлу. Нагадаем, у нумары ад 15 чэрвеня «Рэспублікі» быў надрукаваны артыкул Антона Андрэенкі пад загалоўкам «Новые крестоносцы». У ім зневажаўся Каталіцкі Касцёл і Ян Павел II, якога аўтар публікацыі абвінаваціў у сувязях з заходнімі спецслужбамі і «д’ябальскіх акцыях».

У тым жа нумары быў змешчаны артыкул «Кардинал остался удовлетворен». Саюз палякаў у Беларусі запатрабаваў у Генпракуратуры прыцягнуць да адказнасці аўтара і галоўнага рэдактара газеты. Аднак рэдакцыя вырашыла не даводзіць справу да суда.

У сённяшнім нумары выдання змешчана рэдакцыйная заява. У ёй падкрэсліваецца, што пазіцыя аўтара «не адлюстроўвае ні пазіцыі ўрада Рэспублікі Беларусь... ні іншых афіцыйных асоб ці калектыву рэдакцыі».

«Рэспубліка» прынесла прабачэнні чытачам, вернікам і іерархам Каталіцкага Касцёла ды паабяцала ў далейшым такіх правакацыйных матэрыялаў не друкаваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)