Общество
Аліна Таранік

Рэклама на беларускай мове можа ахапіць на 25% больш мэтавай аўдыторыі (фота)

А 55,6% беларусаў жадаюць, каб было больш беларускамоўнай рэкламы.

Удзельнікі прэсавай канферэнцыі аргакамітэту трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!, прызначанага на 5 ліпеня, распавялі, ці мае беларускамоўная рэклама перспектывы.

Па выніках сацыялагічнага даследвання, праведзенага агульнанацыянальнай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» сумесна з даследчым цэнтрам «Новак» у сакавіку 2012 года, большасць суайчыннікаў станоўча ставіцца да павялічэння колькасці беларускамоўнай рэкламы.

– Абапіраючыся на вынікі даследвання, прыемна асэнсаваць, што беларуская мова з фішкі ўжо становіцца трэндам. Калі ў 2009 за ужыванне беларускай мовы ў рэкламе выказалася 37%, то ў сакавіку 2012 года – ужо 55,6%, – заўважыла каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская.

Пры гэтым толькі 10,9% рэспандэнтаў негатыўна ставяцца да рэкламы на беларускай мове.

Справа налева: Зміцер Латушкін, Ніна Шыдлоўская, Вольга Сарока

Дарэчы, беларускамоўную рэкламу нярэдка робяць замежныя камерцыйныя брэнды. Дырэктара агенцтва «Пінгвін» Вольга Сарока распавяла, што вытворца электроннай тэхнікі Samsung выходзіў на рынак адразу з беларускамоўнай рэкламай, бо аддзел маркетынгу кангламерату заўсёды робіць рэкламу на нацыянальнай мове краіны, у якой будзе ладзіцца кампанія. А польскі вытворца фарбаў Sniezka, дублюючы рэкламу, проста не ведаў, што большасць беларусаў у паўсядзённым жыцці размаўляе па-руску – кампанія тым часам мела добрыя вынікі.

– Кліент звярнуўся па рэкламу на радыё ў Мінску. Радыё вяшчае на рускай мове і ўсе ролікі там па-руску, значыць і гэты трэба зрабіць на рускай мове? Не. Калі ваша рэклама будзе на беларускай мове, гэта дадасць вам мінімум 25 % мэтавай аўдыторыі, бо вы будзеце размаўляць не так, як астатнія, – зазначыла Вольга Сарока.

Дзяржаўныя прадпрыемствы на беларускую мову пераходзіць не спяшаюцца, але ў межах Мытнага саюзу ўзнікаюць праблемы з таварнымі знакамі. Некаторыя з іх называюцца як ужо існуючы ў партнёрскіх краінах брэнд і з-за гэтага губляюць сваю правамочнасць. Добрым выйсцем з такога становішча з’яўляецца беларускамоўная назва прадукта.

– Усе праблемы насамрэч вырашаемыя. З беларускамоўнай рэкламай, у прынцыпе, праблем няма. Напрыклад, прыйшоў кліент, які проста хацеў назваць прадукт «Бярозавы сок». Пакруцілі, падумалі і вырашылі зрабіць брэнд на беларускай мове. Кліент з радасцю падхапіў ідэю беларускамоўнага прадукту «Бярозавік», – расказаў уладальнік гран-пры Другога фестывалю AD.NAK! у намінацыі «Дызайн і Art Direction», арт-дырэктар агенцва «Фоліо Арт» Зміцер Латушкін.

Сёлета фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! адбудзецца 5 ліпеня. Ад 27 красавіка пачынаецца прыём працаў да ўдзелу ў намінацыях і конкурсах фестывалю. Удзельнікамі могуць стаць як агенцтвы, так і прыватныя асобы.

Аргкамітэт фестывалю AD.NAK! праводзіць конкурс на найлепшае беларускамоўнае агучванне дадзенага рэкламнага роліка

У фестывальны дзень пройдуць майстар-класы беларускіх і замежных прафесіяналаў у галіне рэкламы, а завершыцца ён узнагароджаннем пераможцаў.

– Шматколернасць фестывалю ў гэтым годзе дазваляе адчуць разнастайнасць цікавостак, якія з’яўляюцца ў галіне беларускамоўнай рэкламы. Нам хацелася б пашырыць ужытак беларускай мовы як сродку камунікацыі, – адзначыла каардынатар «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)