Рэйтынг самага папулярнага і самага якаснага беларускага хлеба

У савецкія часы са словам «хлеб» спалучаліся два прыметнікі: «учорашні» ці «сённяшні». Гэта былі або паляніца, або «брыкецік» — той самы брыкецік, які цяпер шмат каму падаецца смачнейшым за ўсе астатнія. Цяпер жа маем хлябоў — на выбар.

Турысты беларускім чорным хлебам захапляюцца, асабліва прадукцыяй сталічных пякарань.

Як патлумачыла нам галоўны тэхнолаг «Мінскхлебпрама» Ніна Лушчык, усе сем хлебазаводаў Мінска маюць свой асартымент.

Самыя папулярныя сарты хлеба на сёння: «Водар», «Нарачанскі» і «Майскі». Яны розныя па сваіх смакавых якасцях, але не надта дарагія — гэтым і тлумачыцца іх папулярнасць. А таксама тым, што рэцэптура іх збіралася па вёсках, таму, напрыклад, «Нарачанскі» самі хлебапёкі называюць «бабчыным». Дарэчы, ён жа — адзін з першых заварных хлябоў, што пачалі прадукавацца ў Беларусі. Іншы — досыць спецыфічны «Барадзінскі», які таксама паспеў набыць шмат аматараў.

Што тычыцца хлеба «з разынкай» (тут у пераносным сэнсе), то і выбар такога ў нас багаты. Кожны хоць раз купляў «Траецкі» хлеб. Ён адносіцца да хлябоў дэсертнага тыпу — ёсць варыянты з курагой, разынкамі і арэхамі. Такі хлеб разлічаны не на ўжыванне разам з супам. Хутчэй «самадастатковы» хлеб, які можна падаваць да гарбаты. Дарэчы, нядаўна з’явіўся «Траецкічэмпіён» з кунжутам і насеннем сланечніка, лёну і гарбуза.

Калі размова зайшла пра хлеб да гарбаты, сам сабой узгадаўся таставаны хлеб, а таксама знакаміты міф, што ад яго можна вельмі хутка растаўсцець. Так, у тоставы хлеб дадаюць той самы «паляпшальнік», што і ў Еўропе. Гэта розніць яго ад звыклага хлеба. Але, каб не таўсцець, трэба проста ведаць меру ў яго паяданні.

Чым здзівіць гасцей

Пра беларускі хлеб у суседніх краінах ведаюць. Вось топ-3 спецыфічных хлябоў, якімі можна прыемна здзівіць замежніка.

1. «Радзівілаўскі» — хлеб са шматлікімі дабаўкамі, у рэцэптуру якога ўваходзяць тры найменні квасу. Памер бохана і вага гэтага хлеба ўражвае — 2,4 кілаграма. Існуе ў сувенірным пакунку з фамільным гербам Радзівілаў. Гэты заварны хлеб можна есці і як гарнір, і як асобную страву. Ён смачны і ў бутэрбродах. Яго важная асаблівасць — застаецца свежым два тыдні.

2. «Юбілярны» — яшчэ адзін хлеб, рэцэпт якога быў прывезены з вёскі. Гатуецца ён на кляновым лісце, ад гэтага мае спецыфічны прысмак і дасканала пасуе да многіх страваў, асабліва супоў беларускага тыпу.

3. «Вясковы з салам». Што ў ім незвычайнага, зразумела з назвы. Гэта цяжкі, але вельмі сытны хлеб, які хлебапёкі называюць «мужчынскім», — пад’ясі такога зранку, і да вечара ходзіш сыты.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(1)