Сяргей Нятрэба
Рэгіянальны «J_Moрс»

Ня кожны мясцовы артыст без падтрымкі аркестру Фінберга наважыцца на гастрольны тур па Беларусі.

Колькі разоў зрываліся канцэрты ў рэгіёнах і поп-зорак, і рок-выканаўцаў. Групу “J_Moрс” гэтыя акалічнасьці не пужаюць: з 16 кастрычніка па 4 лістапада музыкі заплянавалі тур па Беларусі. Пачнуцца гастролі з прэзэнтацыі дыску лепшых песень “Маё сонца” ў сталічным к/з “Менск”, дзе з паўгады таму адбыўся самы пасьпяховы канцэрт “морсаў” за ўсю гісторыю гурта. На наступны дзень група ўпершыню выступіць на малой радзіме свайго лідэра Ўладзімера Пугача ў Пінску.
“Ня ведаю нават, які з гэтых двух канцэртаў для мяне найбольш адказны, — кажа Пугач. — У Пінску надта пераборлівая публіка. Канцэрты арганнай музыкі тут маюць куды большы попыт, чым выступы поп-зорак, якія часьцяком адмяняюцца. Спадзяюся, што мы здамо гэты своеасаблівы іспыт”.
Цікава, што ў Пінску бацькі Пугача ўпершыню патрапяць на канцэрт сына. Таксама заплянаваныя канцэрты ў Берасьце, Баранавічах, Горадні, Лідзе, Бабруйску і Магілёве. У некаторых беларускіх гарадах “морсы” ўжо выступалі ўлетку і прыгадваюць гастролі з задавальненьнем. “Падчас тых канцэртаў гледачы сьпявалі разам з намі нават грамчэй, чым у Менску. І на вуліцах нас пазнавалі. Тады мы давалі ў клюбах караценькія канцэрты, цяпер жа будзем выступаць у вялікіх залях з паўнавартаснай праграмай на дзьве гадзіны”, — распавядае Пугач. Музыка падкрэсьлівае, што канцэрты ў рэгіёнах для “J_Moрс” — справа адказная і стаўленьне да такіх выступаў ва ўдзельнікаў групы асаблівае, бо ўсе яны паходзяць зь невялікіх беларускіх гарадоў: Уладзімер Пугач зь Пінску, гітарыст Раман Арлоў з Наваполацку, басіст Аляксей Зайцаў з Гомлі, а бубнач Міхал Пэнда зь Ліды.
Спачатку журналісты вырашылі, што менавіта з гэтай нагоды на прэс-канфэрэнцыю, прысьвечаную пачатку вялікага гастрольнага туру, выканаўцы прыйшлі ў стыльных гарнітурах — хто ў палосы, хто ў рубчык. “J_Морс” нават самі не чакалі такога эфэкту. Насамрэч гарнітуры былі ўзятыя напракат дзеля правядзеньня фатасэсіі. Убачыўшы, як добра “селі” гарні-туры, музыканты выкупілі іх. Праўда, журналістам лідэр калектыву Ўладзімер Пугач заявіў, што гарнітуры паявіліся з-за таго, што “J_Морс” усім калектывам кінулі ў мыцьцё звыклыя джынсы, а яны, як на бяду, не пасьпелі высахнуць.
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)