Фота gants.by
Ці прынятае канчатковае рашэньне правесьці ў пачатку 2022 году рэфэрэндум па Канстытуцыі? Якія палажэньні Канстытуцыі ўлада хацела б памяняць — праз рэфэрэндум ці іншым шляхам? Якой можа быць рэакцыя грамадзтва на зьмену Канстытуцыі?
Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітолягі Валерыя Касьцюгова і Валер Карбалевіч.
Карбалевіч:
Лукашэнка абвяшчаў, што ў пачатку 2022 году будзе рэфэрэндум па Канстытуцыі. Ён пачаў рэформу пад ціскам Масквы.
Разьядноўваць мясцовыя выбары і рэфэрэндум для Лукашэнкі больш небясьпечна, чым абʼядноўваць.
Апанэнты ўлады могуць заклікаць да байкоту рэфэрэндуму аб Канстытуцыі.
Лукашэнка можа правесьці рэфэрэндум так, каб людзі за новую Канстытуцыю не прагаласавалі. І тады застаецца дзейная. Канстытуцыя і яго паўнамоцтвы працягваюцца да наступных выбараў у 2025 годзе.
Але гэта складаная гульня, а Лукашэнка такіх гульняў ня любіць. Ён сьпяшаецца, хоча падпісаць дэкрэт аб Радзе бясьпекі, не чакаючы канстытуцыйнага рэфэрэндуму. Выглядае, што ён сапраўды верыць у змову і пераварот.
Але калі гэта адбудзецца, то насамрэч плян Лукашэнкі адкрые скрыню Пандоры.
Калі Канстытуцыя ня будзе дзейнічаць, то тады кожны будзе цягнуць коўдру на сябе і неабавязкова, што рашэньні будуць прымацца галасаваньнем у Радзе бясьпекі.
Гэта супярэчыць таму, што Лукашэнка казаў дзесяцігодзьдзямі — што ў краіне павінен быць адзін гаспадар, адзін «ствол».
Прэзыдэнцкія выбары ў масавых уяўленьнях — гэта тое, што можа зьмяніць рэальную ўладу. Ані мясцовыя выбары, ані рэфэрэндум па Канстытуцыі такімі не зьяўляюцца.
Зь іншага боку, грамадзтва застаецца палітызаваным, наэлектрызаваным. Таму для ўлады любая электаральная кампанія — гэта хаджэньне па мінным полі.
Касьцюгова:
Шанцы на правядзеньне рэфэрэндуму па Канстытуцыі разам зь мясцовымі выбарамі невялікія.
Кампанію выбараў у мясцовыя саветы ўлада яшчэ мае магчымасьць правесьці, абвясьціўшы экстрэмістамі ўсіх палітычна актыўных грамадзянаў.
Калі сумясьціць рэфэрэндум з выбарамі, людзі абавязкова прыйдуць да выбарчых скрыняў.
Да чаго прыводзіць масавы ўдзел людзей у палітыцы, мы бачылі ў 2020 годзе.
Лукашэнка можа перадумаць і вырашыць, што пакуль не прыйшоў час для рэфэрэндуму.
Ён кіруецца прынцыпам — калі не працуе, не чапай. Бо, барані Бог, запрацуе.
Плянаваны дэкрэт Лукашэнкі аб пераразьмеркаваньні паўнамоцтваў на карысьць Рады бясьпекі дазволіць не мяняць Канстытуцыю, гэта гарантыі Расеі і кіроўнай клясе.
Я адсочвала інтэрвію розных афіцыйных асобаў пра тое, што менавіта трэба памяняць у Канстытуцыі на іх погляд.
Пераважная большасьць гэтых асобаў ніякіх зьменаў у Канстытуцыю ўносіць ня хоча.
Ёсьць лябісты падвышэньня ролі партыяў. Але Лукашэнка неаднойчы гаварыў, што ён катэгарычна супраць гэтага. Ён не прымае ніякіх сутнасных зьменаў у Канстытуцыю.
Паводле дэкрэту Лукашэнкі, улада пераходзіць да Рады бясьпекі толькі на час надзвычайнага становішча пасьля яго раптоўнага, гвалтоўнага сыходу.
Самымі матывуючымі фактарамі зьяўляюцца вера і надзея, гэта паказалі леташнія падзеі.
Самі па сабе мясцовыя выбары ня стануць такім матывуючым фактарам. Рэфэрэндум па Канстытуцыі можа стаць такім фактарам.
***
Рэфэрэндум аб папраўках у Канстытуцыю плянуецца на студзень-люты 2022 году, заявіла кіраўніца Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына агенцтву «РИА Новости». Яна дадала, што правядзеньне рэфэрэндуму сёлета ў канцы лета ці пачатку восені не абмяркоўваецца.
— Рэфэрэндум пройдзе ў тыя тэрміны, якія абазначыў прэзыдэнт на Ўсебеларускім сходзе, у студзені-лютым наступнага году. Па сутнасьці, калі гаварыць пра студзень і пра сумяшчэньне зь мясцовымі выбарамі, то тут іншай даты, апроч крайняй, няма, а крайняя дата — 16 студзеня, — сказала Ярмошына.
Читайте еще
Избранное