Рэдактара «ЛіМа» знялі за тое, што газета аглядала пісьменнікаў, якія не ўваходзяць у лукашэнкаўскі саюз

Пэўны час таму пасаду галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва» страціў Анатоль Казлоў. Цяпер ягоныя абавязкі выконвае Мікола Станкевіч.

Рэдактарская чахарда ў «ЛіМе» не спыняецца ад 2002—2003 гадоў. Тады ад стырна адсунулі старыя кадры і стварылі выдавецкі холдынг «ЛіМ».

«Галоўнымі прэтэнзіямі да Анатоля Казлова было тое, што ён даваў агляды творчасці пісьменнікаў, якія не ўваходзяць у дзяржаўны СПБ», — сцвярджае блогер iuzhyk. Гэта аўтар «ЛіМу» пісьменнік Міхась Южык. Заўсёднік холдынгу, ён добра арыентуецца ў перыпетыях падзей.

Паводле ягоных словаў, за звальненнем стаяць «высокапастаўленыя кіраўнікі афіцыёзнага Саюзу пісьменнікаў Беларусі (СПБ)». Найперш – Анатоль Аўруцін, «які не можа перажыць, што «ЛіМ» не прызнаваў яго геніяльнасць».

Аўруцін, заўважым, надта блізкі да Мікалая Чаргінца, боса СПБ.

«Чыноўнікі нежартоўна высоўвалі Аўруціна на галоўныя рэдактары «ЛіМа».

І дзякуйце, спадары, Алесю Карлюкевічу, які ўпёрся рогам і сказаў, што тады ўся рэдакцыя падасць заявы на звальненне. Так што пакуль яшчэ «ЛіМ» некаторы час застанецца беларускамоўным, прыйдзецца некаму пацярпець», — піша блогер і засцерагае. — У выпадку русіфікацыі «ЛіМа» адбудзецца небывалае ў гісторыі, нечуванае нават пры СССР».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)