Рэдакцыі “Витебского курьера” загадана пакінуць памяшканьне

Незалежная грамадзка-палітычная газэта “Витебский курьер”, якая арандуе тры пакоі ў Адкрытага акцыянэрнага таварыства “Элсан”, атрымала пісьмовы загад выехаць з будынку № 120 па Маскоўскім праспэкце да 12-й дня 8-га сьнежня.

У лісьце паведамляецца, што назіральная рада прадпрыемства “Элсан” прызнала дамову пра арэнду несапраўднай, бо пры яе складаньні нібыта былі дапушчаныя парушэньні заканадаўства. Сярод іншага, разьмяшчэньне рэдакцыі ў гэтым будынку не было ўзгоднена з адміністрацыяй Першамайскага раёна Віцебска, на тэрыторыі якога знаходзіцца ААТ "Элсан".

Галоўны рэдактар «Витебского курьера» Уладзімір Базан лічыць гэты загад “паліцэйскім” і супрацьзаконным, бо за паўтары месяца арэнды ( а рэдакцыя месьцілася тут з 20-га кастрычніка) ня быў парушаны ніводзін пункт дамовы. Загад тэрмінова пакінуць арэндаваныя плошчы спадар Базан тлумачыць толькі адным — набліжэньнем мясцовых выбараў, напярэдадні якіх улады імкнуцца любым чынам пазбавіцца ад недзяржаўнай газэты.

Нагадаем, што за апошні год «Витебский курьер» ужо мусіў пераяжджаць двойчы. Гаспадары памяшканьняў адмаўляліся працягваць з недзяржаўнай газэтай дамову на арэнду, але ніколі не патрабавалі вызваліць тэрыторыю за такі кароткі тэрмін. Паводле Уладзімера Базана, знайсьці новае памяшканьне для рэдакцыі цягам двух дзён проста немагчыма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)