Экономика
Мікола Бянько, «Радые Рацыя», фота аўтара

Рэчыцкія прадпрымальнікі не будуць працаваць да 6 сакавіка

У Рэчыцы страйкуюць прадпрымальнікі. На двух гарадскіх рынках – Цэнтральным і Славянскім – большасць гандлёвых кропак зачыненыя. Такім чынам бізнэсоўцы пратэстуюць супраць Указа № 222 аб абавязковай сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці.

Паводле рэчыцкага дэмакратычнага актывіста Валерыя Пуціцкага, з закрыццём рынкаў гараджанам будзе цяжка набываць неабходныя тавары, а бюджэт раёна недаатрымае многа грошай.

Валеры Пуціцкі: Згодна Указу №222, забаронена распрадаваць рэшткі тавару, на якія адсутнічаюць суправаджальныя дакументы. А як можна людзям працаваць, калі няма дакументаў!?

Разам з тым, як сцвярджаюць прадпрымальнікі, у РФ немагчыма атрымаць сертыфікаты на прадукцыю лёгкай прамысловасці. З-за гэтага ў Расіі адмаўляюцца працаваць з беларускімі прадпрымальнікамі. Пра гэта паведаміў прадстаўнік рады прадпрымальнікаў горада Рэчыца Алег Шабетнік. Па словах бізнэсоўца, прычына адмовы – у неабходнасці прадстаўляць сертыфікаты для прадукцыі лёгкай прамысловасці.

Алег Шабетнік: Атрымаць поўную дакументацыю ў Маскве немагчыма, бо Расія перанесла дзеянне тэхрэгламенту да 2017 года. І, фактычна, ім не патрэбныя сертыфікаты, якія патрабуюць з нас. Таму РФ пакуль не прадастаўляе сертыфікаты на прадукцыю лёгкай прамысловасці. На гандлёвых базах, дзе мы закупаемся, з нас смяюцца, выстаўляюць вывескі: “з беларусамі не працуем”. У нас жа дзейнічае Указ №222, у якім напісана, што з 1 сакавіка мы абавязаныя мець сертыфікаты і суправаджальныя дакументы.

Прапрымальніца: Мы не ў сілах працаваць. Таму што ў Маскве гэтыя поўныя пакеты дакументы ніхто не дае. Калі на рынках, дзе мы бярэм тавары, кажам, што мы з Беларусі і нам патрэбныя сертыфікаты, то нам адказваюць: “Мы з Беларусамі не працуем”.

Рэчыцкія прадпрымальнікі далучыліся да агульнабеларускай акцыі пратэсту супраць Указа №222 аб абавязковай сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці. Прадпрымальнікі кажуць, што не выйдуць на працу да 6 сакавіка.

Прадпрымальнік: З тымі ўмовамі, у якія нас хочуць паставіць, дык мы ўвогуле працаваць не зможам. Спачатку трэба базу заканадаўчую падрыхтаваць. Каб нам у Расіі дакументы прадастаўлялі.

Тым часам рэчыцкія прадпрымальнікі папрасілі абароны ў мясцовых уладаў. Дзясяткі дробных бізнэсоўцаў накіравалі ў райвыканкам заяву. У дакуменце прадпрымальнікі просяць, каб чыноўнікі звярнуліся да ўраду з патрабаваннем адтэрмінаваць Указ №222.

Алег Шабетнік: Мы папрасілі Рэчыцкі райвыканкам дапамагчы нам звярнуцца да ўраду, каб Указ №222 быў перанесены да 2017 года. Альбо быў бы адкладзены да таго моманту, пакуль у Расіі не будуць прадастаўляць поўны пакет дакументаў.

Большасць рэчыцкіх прадпрымальнікаў, нягледзячы на ўшчуванні гарадскіх уладаў, будуць страйкаваць да 6 сакавіка. Яны спадзяюцца, што да гэтага чысла неяк праясніцца сітуацыя з мараторыем на Указ №222.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)