Ведайце добра, што «Наша Ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае. Кожны мае права быць выслуханым на старонках нашай газеты і кіраваць ёю, толькі каб было разумна. Мы з сваёй стараны будзем старацца, каб усе беларусы, што не ведаюць, хто яны ёсць, — зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі сваё права і памагалі нам у нашай рабоце.
«Разумеем мы, як важна цяпер беларуская газета, разумеем, якую вялікую работу яна можа зрабіць»
10 лістапада 1906 года ў Вільні пачала выходзіць «Наша Ніва» — падзея, якую беларусам немагчыма пераацаніць.
10 лістапада 1906 года ў Вільні пачала выходзіць «Наша Ніва» — першая беларуская газета з рысункамі, як пазіцыянавала выданне ягоная рэдакцыя.
Значэнне гэтай падзеі для найноўшай гісторыі Беларусі немагчыма пераацаніць, бо калі зірнуць на яе з вышыні прамінулага стагоддзя, без перабольшвання можна сказаць, што «Наша Ніва» стала адной з галоўных цаглінаў у падмурку нашай дзяржаўнасці.
— Разумеем мы, як важна цяпер беларуская газета, разумеем, якую вялікую работу яна можа зрабіць. І дзеля таго мы будзем старацца, каб наша газетка глянула ўсюды, каб папала яна і пад страху беднай курной хаты мужыкабеларуса, — звярталіся да будучай аўдыторыі ў праграмным артыкуле першага нумара выдаўцы газеты.
Заснавальнікамі выдання былі кіраўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Алаіза Пашкевіч. Яны абяцалі служыць не «толькі ці панам, ці адным мужыкам»:
— Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцця, каб ад нас, як ад люстра, святло падала ў цёмнасць… Мы будзем браць усё ад усіх і, злажыўшы ў парадак, зноў аддаваць.
З першага нумару рэдактары дэкларавалі працу на карысць агульным інтарэсам.
На старонках тагачаснай «Нашай Нівы» друкаваліся многія будучыя класікі беларускай літаратуры, для некторых тыя публікацыі былі дэбютнымі.
Вось не самы поўны спіс: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Канстанцыя Буйло, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Цішка Гартны… Тут жа публікаваліся пераклады на беларускую мову — ад Адама Міцкевіча да Антона Чэхава.
А вось гэты радок з артыкула на Вікіпедыі кідае масток да падзей нашых дзён, да таго, чым ад моманту адраджэння ў 1991-м займаецца адноўленая «Наша Ніва»:
— [Газета] выступала «за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сялянскага землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культурна-нацыянальную аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове.
І першае, і адноўленае выданні рэгулярна сутыкаліся з цэнзурай і пераследам палітычных рэжымаў. Канфіскацыі, ператрусы, суды і турэмныя пасадкі.
Як бачым, прайшло яшчэ два дзесяцігоддзі, а задачы перад «Нашай Нівай» і яе чытачамі, а таксама ўсёй незалежнай прэсай, стаяць ці не тыя самыя.
Вось што пісала новая рэдакцыя «НН» у першым нумары адноўленага выдання ў траўні 1991-га:
— «Наша Ніва» выходзіць зноў. Людзі, якія стварылі яе ў 1906-м годзе, разлічвалі не на нейкі перыяд, ці этап, ці нейкую праграмумінімум, пасля чаго трэба было б спыніць выданне, але на ўсю перспектыву беларускага нацыянальнага жыцця.
Гэты разлік у 1915м сарвала вайна, пасля — рэвалюцыя, часы сацыялістычнага будаўніцтва. Цяпер, калі гэта ўсё адышло ў нябыт, калі спакваля зноў акрыйвае беларускае нацыянальнае жыццё, «Наша Ніва» выходзіць зноў. Як люстэрка дзён і жаданняў…
Больш за 70 гадоў моўкнасці няхай стануць для нас не забыццём, а новым, добры забытым досведам, не гнілымі лаўжамі, а крэпкім сухім паленнем ў грубку адноўленае «Нашай Нівы».
Так, выхад той газеты, якую выдавалі Луцкевічы, Купала, і дзе друкаваўся Багдановіч, перапыніла вайна. У 2021-м годзе рэдакцыя сучаснай «Нашай Нівы», як і астатнія незалежныя выданні, мусіла з’ехаць з краіны ў выніку вайны, якую ўладны рэжым развязаў супраць уласнага народа.
Адноўленая «НН» прайшла шлях ад элітарнага выдання накладам у некалькі тысячаў асобнікаў, якое фармулявала сэнсы першых крокаў незалежнай краіны, да самай масавай і папулярнай беларускамоўнай інтэрнэт-газеты.
Ночка цёмная на свеце
Вечна не начуе;
Зерне, кінутае ў ніву,
Ўсходзіць ды красуе.
Гэтае прысвячэнне Янкі Купалы «Нашай Ніве», напісанае ў далёкім 1911-м, тоіць у сабе адказ на балючае для ўсіх нас пытанне: «Што будзе далей?». Праверана гісторыяй.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное