Прыгажуня дня
Марына ЗАГОРСКАЯ, фота Уладзiмiра БАГДАНАВА

Паштовая скрыня Няхачава

Ведаеце, чаму два стагоддзі таму пінчукі лічылі за лепшае не мець перапіскі з суседзямі-столінцамі? Бо за той час, пакуль карэспандэнцыя трэслася ў кібітках з Пінска ў Гродна, каб адтуль накіравацца ў Столін, яны паспявалі па непралазнай дрыгве з купіны на купіну даплесціся да адрасата і абмеркаваць з ім усе навіны.

Нарэшце, такая “ўстойлівая сувязь” палешукам абрыдла. 28 сакавіка 1791 года яны талакой накаталі скаргу і перадалі яе праз пасла Мацея Бутрымові-ча генеральнаму паштмайстару краю Дзедушыцкаму.
— Пытанне аб урэгуляванні руху пошты паміж Пінскам і Столінам разглядалася ажно на сейме Рэчы Паспалітай. Вырашылі пабудаваць паштовы тракт са станцыямі праз кожныя 3-4 мілі. Але праект так і застаўся на паперы, бо ў хуткім часе адбыўся апошні падзел Рэчы Паспалітай, — распавядае старшыня Беларускага саюза філатэлістаў Леў Коласаў. — Вось чаму дзя-ліцца навінамі без перашкод людзі на балоце змаглі толькі праз стагоддзе, калі і да Палесся дайшла чыгунка.
А тым часам па ўсёй Ра-сійскай імперыі паскорана праводзілася рэканструкцыя паштовых дарог. Паабапал трактаў саджалі ў два рады бярозы, узводзілі паштовыя станцыі.
— Яны існавалі і раней. Але часам мясціліся ў карчмах ці ў драўляных, нават спарахнелых, сялянскіх хатах, якія стаялі бліжэй да дарогі, — гаворыць Леў Коласаў. — Пра адну са станцый, якую арандавала ў Шклове яўрэйка Розэнберхава, мясцовы паштмайстар пісаў у 1824 годзе: “содержится в крайней неприглядности”.
У той жа час у Магілёве пошта мясцілася ў двухпавярховым мураваным гатэлі з панскімі пакоямі і халопскімі. Неяк у цэнтр губерніі наведаўся сам імператар Мікалай І. Выглядала ўсё так, быццам ладзілі “Дажынкі”. Тысячы сялян мабі-лізавалі з палёў на рамонт шашы. На паштовых станцыях пашыралі стайні — на кожнай з іх неабходна было мець не менш за 53 кані, бо разам з імператарскай карэтай ехала яшчэ 8 экіпажаў, у якія запрагалі да 6 коней. Зрэшты, дарма так увіхаліся — цар дачакаўся на станцыі перамены коней і змяніў маршрут, рушыўшы ў бок Бабруйскай крэпасці.
— Пасля візіту цара амаль адразу ж было аддадзенае распараджэнне знесці старыя корчмы і заезныя дамы на Бабруйскай шашы, — гаворыць загадчыца музея паштовай сувязі Лідзія Туміловіч.
На новым Варшаўскім тракце, па якім з 1854 года пачалі рэгулярна два разы на тыдзень вазіць лісты з Масквы ў Варшаву, узводзілі ўжо толькі мураваныя будынкі — 33 паштовыя станцыі і 4 заезныя дамы. Усе яны падзяляліся на тры разрады.
Станцыя ў Няхачаве (як і ў Кобрыне, Артычанцы, Мілавідах, Слуцку) будавалася па праекце першаразраднай установы.
— Яна была вялікая па памерах. Мела атынкаваны і пафарбаваны ў яркі колер фасад, бакавыя флігелі для фурманаў і наглядчыкаў, шырокі брукаваны двор, а таксама некалькі стайняў і пуняў, бо была разлічаная на ўтрыманне 50 коней. А самае галоўнае — у Няхачаве на такіх станцыях былі прадугледжаныя VIP-пакоі для членаў імператарскай сям’і, — удакладняе Лідзія Туміловіч.
Па адмысловым раскла-дзе для звычайных і кур’ерскіх пошт карэты ездзілі па Варшаўскім тракце і днём, і ноччу. Арыентавацца на шашы паштарам, якія, як і станцыйныя наглядчыкі, прыраўноўваліся да людзей вайсковых, насілі форму і нават мелі зброю, дапамагалі паласатыя вехі і “паштовыя дарожнікі” — першыя атласы з указаннем маршрутаў, адлегласці, назваў станцый і колькасці коней на іх.
...На здымках, зробленых у 1982 г., на фасадзе няхачаўскай паштовай станцыі добра відаць шыльду “Гасціны двор”. “Тут быў рэстаран, — тлумачаць тутэйшыя жыхары. — Зараз у адным з флігеляў месціцца крама, астатнія будынкі станцыі пустуюць”.
Цяпер у Няхачаве і скрыню паштовую не адразу знойдзеш, і лісты тут амаль не пішуць. Бо нашто тады тэлефоны?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)