В мире
Генадзь БУРАЎКIН

Раскаянне на мільён долараў

Недасканалае ўсё ж у нас грамадства. І чыноўнікі не заўсёды добрасумленныя. І законы часам не да канца прадуманыя. Вось і даводзіцца неўгамоннаму нашаму кіраўніку круціцца, як тая вавёрка ў коле: не паспееш узняць сельскую гаспадарку, як жыллёвае будаўніцтва закульгае, толькі-толькі пачнеш наводзіць парадак у спорце, а тут студэнтаў не ў той бок павялі... Словам, ні перадыху, ні адпачынку. І галоўнае — няма каму ўсур’ёз даверыцца ні ў эканоміцы, ні ў культуры, ні ў замежнай палітыцы. Трошкі не даглядзеў — і праблемы, нібы тыя восеньскія восы, джаляць у самы нечаканы момант. Адно ратуе — указы.

Вось і нядаўні ўказ №426 “Аб унясенні дапаўненняў і змен ва ўказ прэзідэнта РБ №250” хіба што для якога-небудзь вясковага пастуха ці гарадскога сантэхніка можа здацца незразумелым і нецікавым, а на самай справе за ім — ого якія балючыя і складаныя жыццёвыя сітуацыі! Хаця, як усім вядома, у стабільнай і памяркоўнай Беларусі ні сапраўдных алігархаў няма, ні нават парасткаў карупцыі не заўважана, аднак не-не то там, то тут ці махінатар у пагонах выпаўзе, ці зладзюга-чыноўнік асмялее не ў меру. А ў пракурораў ды суддзяў ясна, якія метады: хапай і садзі! Няма ў іх ні тонкага псіхалагічнага падыходу да падазронага, ні шчырага чалавечага спачування — артыкул крымінальнага кодэкса ў рукі і на поўную катушку за краты! А нашу ж краіну і так розныя бруселі і вашынгтоны не першы год выстаўляюць як дурную тыранію і зону жорсткасці і несправядлівасці. Ды і турмы, калі шчыра прызнацца, даўно перапоўненыя. Прыйшоў час нагадаць усім пра літасць і хрысціянскае дараванне... Не ведаю, ці прыходзілі гэткія думкі ў галаву аўтарам указу №426, але якраз на іх старанна напіраюць бойкія афіцыйныя каментатары чарговага “лёсавызначальнага” дакумента. І не забываюць дадаць пра кругленькія сумы, якімі, дзякуючы новаму парадку барацьбы з фінансавымі злоўжываннямі, будзе папоўненая дзяржаўная скарбонка. Адна чуллівая дэпутатка дык так і сказала, што “прагматыкі... хочуць вярнуць нейкую частку скрадзеных грошай у бюджэт”. Заўважце — не ўсе грошы, а толькі “нейкую частку”. Ну што ж, дзякуй і за гэта. Што ж дэкларуе новы гасудараў указ. А дае ён кіраўніку дзяржавы ні многа ні мала, а права па ўласнай волі вызваляць ад крымінальнай адказнасці асоб, якія “раскаяліся ў здзейсненым злачынстве” і “добраахвотна пакрылі ўчыненую шкоду”. Калі перакласці з юрыдычнай мовы на побытавую, дык гэта азначае, што калі ты ўкраў ці прысвоіў салідную суму, а потым усвядоміў, як гэта нядобра, і вярнуў яе, ты з ласкі “гаспадара” краіны можаш не баяцца ні следчых, ні суддзяў і далей ісці па жыцці, як напісана ў паведамленні прэзідэнцкай прэс-службы, “паўнацэнным членам грамадства”. Трэба толькі ўмела і пераканаўча пакаяцца і свое-часова звярнуцца да “дабрадзея”. Вядома, я сёе-тое спра-шчаю. Але так званая рабоча-сялянская сярмяжная сутнасць прапанаванага новаўвядзення бачыцца ў тым, што ў краіне паяўляецца асоба, якая замяняе (ці падмяняе) незалежную (так абвешчана ў Канстытуцыі) судовую ўладу. Намёк на гэты ўказ мы атрымалі яшчэ некалькі месяцаў таму. Праўда, не прамы, але, як цяпер модна казаць, сімптаматычны. Памятаеце гучную справу “галоўнага загадчыка гаспадаркі” Галіны Жураўковай? Скра-дзеныя мільёны долараў яна вярнула (не будзем удакладняць, наколькі добраахвотна і ці ўсе) і проста ў зале суда пакаялася, нават са слязамі на вачах, папрасіла прабачэння. Праўда, вінаватай сябе яна палічыла ні перад абрабаванымі беларусамі, ні перад дзяржаўнай казной, а персанальна перад Аляксандрам Рыгоравічам. І ў выніку дагэтуль так і не трапіла за краты, хаця суд прызначыў ёй 4 гады няволі. А вось другі былы любімчык уладаў, юны шэф Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў недаўмеўся “кінуцца ў ногі” свайму магутнаму “мецэнату” (ды яшчэ, як плявузгаюць злыя языкі, нагаварыў лішняга на допытах) — і, хоць нахапаў (і вярнуў?) куды меней, загрымеў у зону на 11 год і зараз узнімае на небывалую вышыню ідэйны і мастацкі ўзровень турэмнага тэлебачання ў слаўным горадзе Шклове. Дужа красамоўныя “дэталі”. Дай Бог, каб былі яны выпадковымі!.. Указ №426 яшчэ павінен прайсці абмеркаванне ў парламенце, каб стаць пасля цалкам паўнавартасным дакументам. Але ж мы добра ведаем нашых дысцыплінаваных і паслухмяных дэпутатаў. Калі і асмеляцца яны на што, дык хіба на замену кропкі на коску. І атрымаем мы небывалую ў свеце практыку, калі, чым за большыя мільёны долараў будзе слёзна каяцца чыноўнік, тым большая будзе ў яго перспектыва атрымаць дараванне, а “простаму” чалавеку давя-дзецца ісці на нары за сотні тысяч беларускіх рублёў, бо хіба ж знойдзе час нашчэнт заняты кіраўнік дзяржавы займацца “драбязой”. Як кажуць спецыялісты, будуць парушаныя краевугольныя прынцыпы непазбежнасці пакарання і сувымернасці яго са здзейсненым злачынствам, канстытуцыйны закон падзелу ўладаў. Але ж хіба нам прывыкаць ісці сваім самабытным шляхам на чале з харызматычным лідэрам, які ў нас — і цар, і Бог, і воінскі начальнік, а цяпер яшчэ і вярхоўны суддзя?..

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)