Филин

Юлія Кот

«Расійскі ўплыў — рэч дастаткова пастаянная, бо ў постсавецкіх краінах хапае людзей, якія шчыра лічаць арыентацыю на Расію чымсьці добрым»

Палітолаг — пра вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Малдове і да чаго трэба быць гатовымі беларусам.

У Малдове завяршыліся прэзідэнцкія выбары: у другім туры перамогу атрымаў не прарасійскі кандыдат, экс-генпракурор краіны Аляксандр Стаяногла, а праеўрапейская дзеючая прэзідэнтка Майя Санду. Зрэшты, такі вынік нельга назваць простым і прадказальным — адзначаецца, што перавагу Санду прынеслі галасы малдаван, якія жывуць за мяжой.

Значнасць зыходу малдаўскіх выбараў для еўрапейскага рэгіёну і ролю ў іх Расіі, а таксама  важныя высновы з гэтай гісторыі для беларусаў Филин абмеркаваў з доктарам палітычных навук, дырэктарам інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.

Андрэй Казакевіч

— На нядаўніх выбарах у Грузіі ўладу захавала прарасійская кіруючая партыя, цяпер у  Малдове ж перамаглі праеўрапейскія сілы. Ці было гэта чакана, і наогул наколькі важны гэты кейс для рэгіёна?

— Было вельмі напружанае супрацьстаянне паміж сіламі, якія арыентуюцца на еўрапейскую інтэграцыю, і ўсімі іншымі, у тым ліку арыентаванымі на Расію. Трэба сказаць, што ўжо вынікі рэферэндуму гэта паказалі: сітуацыя была палова напалову, і ўсё магло быць вырашана ў абодва бакі, — зазначае Андрэй Казакевіч.

Таму перамога Санду не была перадвырашанай. Хаця эксперты ўсё ж большую верагоднасць аддавалі прадэмакратычным сілам, аднак трэба ўлічваць, што грамадства ў Малдове расколатае па гэтым пытанні, ёсць пэўны скепсіс датычна перспектыў еўраінтэграцыі. Не тое каб дамінавала яго адмаўленне, але разуменне, што гэты працэс будзе вельмі доўгім, невядома, калі скончыцца, і ўжо зараз трэба думаць, як вырашаць многія пытанні, як не быць уцягнутымі ў вайну — усё гэта было, і адчувалася вельмі моцна на палітычнай сцэне.

Таму вынік выбараў у Малдове, мяркуе палітолаг, трэба лічыць сапраўднай перамогай праеўрапейскіх сіл — калі б яны не здолелі пераканаць грамадства, як мінімум узнікла б вельмі вялікая паўза, што тычыцца еўрапейскіх перспектыў краіны.

— Ці слушна будзе лічыць, што Расія паступова страчвае свой уплыў у Еўропе, альбо гэтыя выбары — толькі адзін з раўндаў вялікай палітычнай гульні?

— Думаю, тут трэба сказаць інакш:

Расія захоўвае палітычны ўплыў у рэгіёне. Прынамсі на постсавецкай прасторы, але і далей таксама — перадусім варта згадаць Сербію, ёсць уплыў і ў Босніі і Герцагавіне праз Рэспубліку Сербскую, якая з’яўляецца часткай гэтай дзяржавы. Зусім нядаўна, зноў жа, перамаглі прыхільныя да Расіі палітычныя сілы ў Грузіі. Яны захоўваюцца, хоць і дастаткова маргінальна, у Арменіі, у Сярэдняй Азіі.

Словам, нельга сказаць, што расійскі ўплыў зніжаецца — ён ёсць, і як фактар, ён будзе заставацца. Нават у Малдове прарасійскія сілы набралі вялікую колькасць галасоў — гэта значыць, што так ці інакш сацыяльная база для іх ёсць, і яна нікуды проста так не знікне.

— Як вы лічыце, якія высновы з гэтай электаральнай кампаніі варта зрабіць беларусам, і да чаго быць гатовымі?

— Асноўны вывад — у тым, што шлях да еўрапейскай інтэграцыі для Беларусі, нават калі ўсё будзе добра складвацца, усё адно будзе складаным і доўгім.

Расійскі ўплыў — рэч дастаткова пастаянная, бо ў постсавецкіх краінах хапае людзей, якія шчыра лічаць арыентацыю на Расію чымсьці добрым. У Беларусі такіх людзей таксама шмат, і гэты фактар будзе доўгатэрміновым для ўнутранага жыцця краіны, хоць аўтарытарная сістэма ўсё нівелюе, і складана зразумець рэальную колькасць прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй.

Але відавочна: пры любых раскладах такіх людзей будзе шмат, і трэба быць гатовымі працаваць з імі.

— А калі казаць пра крамлёўскія настроі — наколькі вялікая рызыка, што на тле, можа быць, не паразаў, але адсутнасці відавочных ваенных і палітычных поспехаў Расія будзе імкнуцца прывязаць Беларусь да сябе яшчэ больш?

— Гэта і так адбываецца. Хіба ў апошні год працэс крыху запаволіўся, прынамсі ў 2024 годзе, і летась таксама, не было бачна  значных інтэграцыйных ініцыятыў; але ў 2022-м глыбокая інтэграцыя вельмі актыўна абмяркоўвалася.

Цяпер, мяркую, для Расіі прасоўваць інтэграцыйныя ініцыятывы — не самы лепшы час, бо сапраўды значная частка палітычных і эканамічных высілкаў ідзе на вайну з Украінай, на супрацьстаянне з Захадам.

Планы на Беларусь у Крамля ёсць, і відавочна, гэтага трэба чакаць: узмацнення ўплыву, прамога ці ўскоснага ціску для змяншэння суверэнітэту Беларусі і ўсё большага яе прывязвання да Расіі. Гэты працэс ідзе, ён ніколі не спыняўся. Адзінае, што ён патрабуе пэўнай вагі, палітычных і эканамічных рэсурсаў, якіх у РФ не хапае, каб проста зараз гэтым сур’ёзна займацца.

Андрэй Казакевіч пералічвае шэраг спрыяльных для Масквы і небяспечных для беларускай незалежнасці абставін: працягваецца інтэграцыя ў асобных сектарах, узмацнілася знешнепалітычная ізаляцыя Беларусі, нашмат больш складанай стала лагістыка ў сувязі з крызісам у адносінах з Захадам, што «зрабіла Расію фактычна асноўным і безальтэрнатыўным кірункам для большасці беларускіх тавараў».

— Усё гэта адыгрывае сваю ролю, і працягвае павялічваць залежнасць Беларусі ад Расіі. Прычым залежнасць інстытуцыйную, якую будзе складана зняць — гэта мусіць быць вельмі доўгі і мэтанакіраваны працэс, — рэзюмуе эксперт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(9)