Спорт

Расійскі сайт Sports.ru прадалі. Ці выжыве пасля гэтага беларуская «Трыбуна»?

Нашай Ніве адказвае кіраўнік праекта Максім Беразінскі.

Напрыканцы лютага адзін з найбуйнейшых спартовых сайтаў Расіі sports.ru змяніў уласнікаў. Усе 100% акцый перайшлі ва ўладанне заснавальніка кампаніі Faberlic Аляксея Нячаева (ён у цэнтральным штабе прапуцінскага «Агульнарасійскага народнага фронта», а цяпер стварыў міні-партыю «Новыя людзі»).

Сярод ранейшых уласнікаў бізнэсмен Герман Ткачэнка (67,75%), журналіст беларускага паходжання Дзмітрый Навоша (23,75%), Дзмітрый Сцяпанаў (8%) і Юрый Дудзь (0,5%).

У адзін холдынг з Sports.ru уваходзіў і беларускі спартовы сайт «Трыбуна», але ў здзелку гэты актыў не ўвайшоў.

Пра будучыню «Трыбуны» «Наша Ніва» паразмаўляла з кіраўніком праекта Максімам Беразінскім.

– Якая форма адносін была ды нядаўняга часу між Sports.ru і Tribuna.com у Беларусі? Яны вас фінансавалі, дапамагалі раскуціцца? Як суадносіліся асобныя сайты ў межах аднаго холдынгу?

– Tribuna.com ў Беларусі ўваходзіла ў групу кампаній медыяхолдынга. Зараз Sports.ru прададзены і пакідае групу кампаній. Такім чынам, расійская частка бізнэсу сыходзіць, але застаецца беларуская, украінская і міжнародная Tribuna.com, а таксама стартап аб стаўках Betting Insider.

Апошнія тры гады Tribuna.com ў Беларусі была прыбытковай. Нават 2020 год удалося скончыць са станоўчымі лічбамі, нягледзячы на ​​блакаванне. Рост выручкі склаў 70 працэнтаў — дырэктар па продажах Ігар Петрулевіч правёў фантастычную працу. Заробленыя грошы трацілі на развіццё рэдакцыі і запуск новых прадуктаў.

Што тычыцца стасункаў са Sports.ru, то яны заўсёды былі партнёрскімі. Пры гэтым ступень аўтаноміі была максімальнай. Не ўзгадаю выпадку, калі з Масквы прыходзіла хаця б нейкае падабенства на ўказанні. Калі і дапускалі нейкія касякі, то сваімі ўласнымі рукамі.

– Што змянілася цяпер для Трыбуны? Ці моцна гэта адаб'ецца на працы сайта?

– З пункту гледжання рэдакцыйнай палітыкі — не зменіцца нічога. Як ужо казаў, беларуская рэдакцыя працягне фармаваць тую кантэнтную палітыку, якую лічыць патрэбнай, як гэта і было ўсе папярэднія гады.

З пункту гледжання тэхналогій змены будуць. Мы цяпер у стадыі абмеркавання некалькі варыянтаў таго, якім менавіта чынам будзе адбывацца падзел праектаў. Трэба разумець, што гэта вялікая задача, і сцэнары могуць быць розныя. Але ў нас ёсць час на пераходны перыяд. Наша мэта складаецца ў тым, каб не дапусціць падзення ўзроўню сэрвісаў для нашых карыстальнікаў, а таксама захаваць тыя фішкі, якія нас адрозніваюць ад канкурэнтаў: кам'юніці, блогі, каментары, статыстыка.

– Хто на сёння з'яўляецца ўласнікам Трыбуны? Ці будзеце шукаць новага ўласніка?

– Новага ўласніка шукаць не трэба, бо ўсё ў парадку са старымі (усміхаецца). Гэта па-першае. А па-другое, думаю, зараз будзе досыць складана знайсці інвестараў для кампаніі, у якой галоўны актыў — гэта заблакіраваны рэсурс. Але калі што — мы адкрытыя да прапаноў.

У лік уладальнікаў уваходзіць некалькі цяпер ужо былых акцыянераў Sports.ru, а таксама мы з галоўным рэдактарам Алегам Гаруновічам.

– Ва ўмовах неабгрунтаваных рэпрэсій, з якімі сутыкнулася Трыбуна ў Беларусі, ці ў стане сайт выжыць увогуле?

– Ну, вось пакуль жывём, як бачыце. Мы працягваем працаваць і будаваць планы. Здолелі знайсці магчымасці запрасіць да супрацоўніцтва некалькіх хлопцаў, якія звольніліся або былі звольненыя з дзяржкампаній. У прыватнасці, гаворка пра Улада Татура, Яраслава Пісарэнку, Пашу Астравуха.

Зразумела, што сітуацыя ў краіне моцна ўскладняе жыццё. Шмат часу прыходзіцца марнаваць не на развіццё, а на барацьбу — напрыклад, на ліставанне з Мінінфармам. Які, дарэчы, да гэтага часу так і не даслаў нам спіс парушэнняў, нягледзячы на ​​неаднаразовыя запыты. Але час выбраў нас. Таму змагаемся.

Хацеў бы адзначыць фантастычную самааддачу рэдакцыі на чале з Алегам Гаруновічам. Так, нашы хлопцы не траплялі, дзякуй Богу, пад кулі, Саша Івулін абышоўся толькі штрафам, а не суткамі. На фоне іншых рэдакцый усё не так страшна. Але тая праца, якую хлопцы робяць кожны дзень у гэтых умовах, выклікае ў мяне і іншых акцыянераў гонар.

– Наколькі ўвогуле сёння можа быць прыбытковым у Беларусі рабленне спартовага сайта? Іншыя спартыўныя выданні так ці інакш знаходзяцца на датацыях дзяржавы.

– Так, вядома, наша канчатковая мэта — будаваць бізнэс. Абсалютна ўпэўнены, што ў Беларусі медыя могуць быць прыбытковымі. Ужо казаў, што рост выручкі ў 2020 годзе, нягледзячы на кавід і 9 жніўня, склаў 70 працэнтаў. Калі б не гэтыя падзеі, калі б Еўра і Алімпіяда прайшлі своечасова, то ў нас быў бы рост у 2-2,5 разу.

– Пасля блакавання сайта ці ўпала наведвальнасць? Колькі на сёння працэнтраў заходаў прыходзіцца на асноўную версію, колькі на люстэркавую, колькі на мабільную версію?

– Падзенне было значным. Калі ўзяць сайт, то колькасць сесій зменшылася ў 4 разы. Таму адразу пасля блакавання пачалі шукаць шляхі, як даць магчымасць людзям атрымліваць інфармацыю.

І лаяльных карыстальнікаў мы вярнулі амаль усіх. Нехта заходзіць на сайт з дапамогай VPN, хтосьці — праз люстэрка, хтосьці выкарыстоўвае дадатак. Акрамя таго, запусцілі на сайце Турба-старонкі, якія таксама дазволілі частцы карыстальнікаў без праблем спажываць наш кантэнт.

Таксама максімальна ўзмацнілі сваю прысутнасць у сацыяльных сетках. Інстаграм, напрыклад, здолелі вырасціць больш чым у два разы — цяпер там больш за 50 тысяч падпісчыкаў.

Яшчэ адна важная кропка росту — гэта нашы праекты ў YouTube. Саша Івулін са сваім каналам «ЧестнОК» перадолеў планку ў 60 тысяч падпісчыкаў. Ёсць яшчэ некалькі праектаў, пра якія пакуль распавядаць не будзем на ўсялякі выпадак.

Калі вярнуцца да сайта, то мы страцілі пошукавы трафік, хоць за першую палову 2020 года правялі вялікую працу ў гэтым кірунку і дамагліся росту. Тым больш крыўдна, што цяпер фактычна пазбаўленыя гэтай часткі бясплатнага трафіку. Упэўненыя, што ў хуткім часе сітуацыя нармалізуецца, таму не пераводзім пошукавы трафік на люстэрка, так як гэта звязана з вялікімі рызыкамі з пункту гледжання SEO.

Зараз трафік паміж люстэркам і асноўным сайтам дзеліцца ў суадносінах прыкладна 50/50. Калі лічыць у сесіях, то мы змаглі вярнуць 85-90 працэнтаў дажнівеньскага трафіку і гаворым, што месячная аўдыторыя ўсіх нашых пляцовак цяпер каля двух мільёнаў карыстальнікаў.

Люстэрка нам, дарэчы, дапамаглі зрабіць «Рэпарцёры без межаў», якія дапамагаюць змагацца з абмежаваннем свабоды слова па ўсім свеце. За гэта ім асобны дзякуй. Але за новымі даменамі kyky.org ўважліва сочым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(17)