Политика

Расійскі палітолаг – пра новага пасла РФ у Беларусі: «Не пенсія, але спакойная і няпыльная праца»

Кандыдатуру Барыса Грызлова ў якасці новага пасла Расіі ў Беларусі ўзгадніла беларускае МЗС. Але чаму 71-гадовы Грызлоў менавіта зараз зойме гэтую пасаду? Навошта гэта Расіі? Гэтыя пытанні НН задала намесніку рэдактара сайта carnegie.ru Максіму Самарукаву.

Фота ria.ru

– Прычына змены пасла зусім не ў Лук'янаве. Справа не ў тым, што ён чымсьці не дагадзіў, проста сёння ў вярхах расійскай кіруючай эліты назапасілася вельмі шмат правераных людзей, якія даказалі сваю лаяльнасць. І цяпер незразумела, што з імі рабіць далей: яны запасяцца, а колькасць пасад абмежаваная. Да таго ж любое прызначэнне на важны пост адразу ж пачынае разглядацца як змяненне ва ўнутраных раскладах.

Адпаведна, для старых правераных паплечнікаў трэба шукаць годнае месца, куды, з аднаго боку, чалавека не сорамна прызначыць, і, з другога боку, гэта не будзе выглядаць як нейкая рэзкая змена сітуацыі ўнутры Крамля або этап так званай «барацьбы паміж вежамі».

Таму для Барыса Вячаслававіча, які адпрацаваў на пуцінскі рэжым шмат-шмат гадоў, і знайшлі такую пасаду — пасла ў Беларусі. Пасада ганаровая і не патрабуе асаблівых высілкаў. У гэтым і заключаецца галоўная прычына замены Лук’янава, проста зараз гэтая пасада патрэбна была Грызлову.

Грызлоў — стары і надзейны паплечнік Пуціна, але калі мы ўспомнім яго кар'еру, то бачна, што гэта не той чалавек, якому даручаюць вялікія прарыўныя праекты, — тлумачыць Самарукаў. — Ён быў спікерам Дзярждумы нейкі час, кіраваў «Адзінай Расеяй» — і да гэтага часу займае ў партыі важны пост — але гэта ўсё пасады, не звязаныя з сур'ёзнай адказнасцю і не тыя, што патрабуюць праяўляць ініцыятыву. Пасада пасла ў Беларусі — з той жа серыі.

Што тычыцца стасункаў Расіі і Беларусі: я не думаю, што нешта зменіцца з прыходам Грызлова на пасаду пасла. Крэмль працуе з беларускім кіраўніцтвам ужо ніяк не праз пасольства, а вялікія праекты вырашаюцца асабіста паміж Пуціным і Лукашэнкам. Так што пасада пасла — не пенсія, але спакойная і няпыльная праца.

Што тычыцца версіі, што Лукашэнка спрабуе неяк выкруціцца і пазбегнуць транзіту ўлады. На мой погляд, усе яго сённяшнія намаганні хутчэй спроба пазбегнуць статусу «кульгавай качкі», каб людзі вакол яго не пачалі разбягацца раней за час.

Лукашэнка ўвесь час паказвае, што ён яшчэ ва ўладзе, нікуды не сышоў — але ён сыдзе. Я перакананы, што іншых варыянтаў няма, таму што ў гэтай кропцы сыходзяцца жаданні ўсіх бакоў. У тым ліку Крамля: таму што Лукашэнка стаў цяпер ужо больш праблемай, чым гарантам стабільнасці. І значна больш надзейна для сённяшняга беларускага рэжыму, каб на наступныя прэзідэнцкія выбары ішоў хто заўгодна, але толькі не Лукашэнка.

Гэта разумее і беларуская кіруючая эліта і, падобна, нават сам Лукашэнка. Таму я не думаю, што тут магчымыя варыянты.