Скандалы
Зміцер Панкавец, Наша Ніва

Расійскі музканал здымае інтэрв’ю з вядомымі беларусамі ў рэстаране «Паедзем, паядзім» у Курапатах

У афіцыйным інстаграме рэстарана «Паедзем, паядзім» з’явілася інфармацыя, што на тэрыторыі установы праходзіў запіс перадачы «Бязмежна шчыра» тэлеканала «RU.TV. Беларусь».

У якасці гасцей былі запрошаныя дырыжор Віктар Бабарыкін, спявачка Настасся Ціхановіч, удзельнік дзіцячага Еўрабачання ад Беларусі Даніэль Ястрэмскі, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Багдановіч.

Інтэрв'ю Віктара Бабарыкіна. Фота з інстаграма RU.TV. Беларусь.

Рэстаран «Паедзем, паядзім» мае неадназначную рэпутацыю, ён пабудаваны ў старых межах ахоўваемай зоны ля ўрочышча Курапаты. Ад пачатку чэрвеня актывісты патрабуюць закрыцця ядальні і вяртання старых межаў. Грамадскасць абурае, што побач з месцам масавых забойстваў знаходзіцца забаўляльная ўстанова.

RU.TV — своеасаблівая тэлеверсія «Рускага радыё». «RU.TV — першы музычны тэлеканал у свеце, які ўвасобіў новы прынцып вяшчання і выкарыстоўвае ў сваім эфіры відэакліпы выключна на рускай мове», — тлумачаць яго стваральнікі.

Тэлеканал уваходзіць у склад холдынга «Рускай медыягрупы» і мае рэгістрацыю ў Беларусі. Адпаведна, на яго праз два гады будуць распаўсюджвацца патрабаванне мець у эфіры 30% нацыянальнага кантэнту.

Гутаркі ў Курапатах для тэлеканала запісвала вядучая і спявачка Юлія Аляксандрава. Мы спыталі ў яе, чаму месцам для здымак быў абраны менавіта гэты рэстаран.

— У нас не была задача назіраць за дзейнасцю рэстарана — была задача зняць перадачы.

— Вас не засмучала, што проста за плотам рэстарана знаходзяцца крыжы і магілы людзей?

— Ды не, гэта іх справа… У Мінску любы дом можна ўзяць, і ён мае сваю гісторыю. Мы не акцэнтуем на гэтым сваю ўвагу.

— Вы не ведаеце, што ад летам там працягваецца супрацьстаянне?

— Не, не ведала. Мне проста спадабаўся дызайн. Вам, можа, варта ў самога рэстарана пытацца.

— Вы чулі што-небудзь пра Курапаты?

— Не.

— Вы жывеце ў Мінску і ніколі не чулі пра Курапаты?

— Не чула. Вы таксама можаце пра нешта не ведаць, што ведаю я.

Адной з гасцей перадачы была спявачка Настасся Ціхановіч. «НН» распытала артыстку, ці разумела яна, у якое месца ідзе для запісу перадачы. «Я не ехала ў рэстаран, я не ехала забаўляцца туды, есці. Я ехала туды як на працу, на здымку.

Я ж не вяселле туды ехала адзначаць. Я проста ўзяла ўдзел у інтэрв’ю, якое не мае дачынення да гэтага месца. І мне здаецца, што тут ёсць розніца.

Гэта рабочы працэс, ці забаўлялка. Я толькі ў апошні момант зразумела, што гэта тое самае скандальнае месца, я не дужа многа сяджу ў сацыяльных сетках», — сказала Настасся.

«Калі б мяне запрасілі выступіць там ці я там святкавала нешта, то гэта зусім іншае. Я ехала туды без задняй думкі, ведала лакацыю, нейкі там кіламетр кальцавой. Нават не атаясамлівала з Курапатамі», — адказала спявачка.

Ці ведае Настасся Ціхановіч пра Курапаты?

«Гэта месца вялікага болю для многіх людзей. Я не ведаю, чым кіраваліся ўласнікі рэстрана, калі адкрывалі яго ў гэтым месцы. Гэта важна і мае значэнне. Усё, што адносіцца да гісторыі, хай тое Вялікая Айчынная вайна ці рэпрэсіі. У кожнага з нас у сям’і ёсць рэпрэсаваныя. У мяне ў сям’і ў 1937 годзе таксама забралі прадзядулю, і ніхто не ведае, што з ім здарылася. Так што, напэўна, не трэба ў такіх месцах адкрываць забаўляльныя ўстановы».

Блогер Максім Пушкін адмовіўся ўдзельнічаць у перадачы на тэрыторыі рэстарана «Паедзем, паядзім». «Калі даведаўся, дзе гэта будзе адбывацца, то адмовіўся. Я б не хацеў знаходзіцца на тэрыторыі гэтай установы — гэта мая прынцыповая пазіцыя», — сказаў Максім у каментары «НН».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Багдановіч адмовіўся ад каментароў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)