«Раней быў падыход да Беларусі, як і да іншых краін экс-СССР, размаўляць пра іх праз Расію»
Эксперт – пра галоўны плюс удзелу нашай краіны ва Усходнім партнёрстве.
Былы сустаршыня Кіруючага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Улад Вялічка крытычна ацэньвае дасягненні Беларусі ў праграме Усходняга партнёрства. Па яго словах, Беларусь абмежавалася «малым прагрэсам». Калі пачыналася праграма Усходняга партнёрства, у яе былі два кірункі: нармалізацыя стасункаў з краінамі-ўдзельніцамі і пытанні еўраперспектывы.
Тыя, хто ўсур’ёз пайшлі «па максімуме» — па пытаннях еўраперспектывы — тыя максімальна і атрымлівалі. Беларусь жа не гатовая была праводзіць еўрапейскія рэформы як у плане палітыкі, так і ў плане эканомікі, і чакала толькі інвестыцый, хаця ў праграмы вялікіх грошай не было ніколі. І таму ўсё супрацоўніцтва, па словах Вялічкі, звялося да ўдзелу ў шэрагу рэгіянальных інфраструктурных праектаў.
— Апроч таго, у Беларусі дагэтуль адсутнічае двухбаковае пагадненне пра супрацоўніцтва краіны з ЕС. Большасць краін не толькі УП, але і постсавецкай прасторы, такія пагадненні маюць (напрыклад, Расія). У нас жа дагэтуль абмяркоўваюцца так званыя «партнёрскія прыярытэты», якія не ёсць нармальным пагадненнем з ЕС пра двухбаковыя стасункі, а, хутчэй, нефармальным пагадненнем, — адзначае Вялічка.
Таму, Беларусь ва УП удзельнічае ў межах «шматбаковага вымярэння», а не ў больш выніковым двухбаковым. У тым ліку і таму мы абмяжоўваемся «малым прагрэсам».
Ці не пяць гадоў у развіцці стасункаў з Еўропай у нас скраў крызіс 2010 года, калі, праз вынікі прэзідэнцкіх выбараў, брутальны разгон пратэстаў і з’яўленне ў Беларусі новых палітвязняў, адносіны краіны з ЕС значна пагоршыліся.
Але не ўсё так кепска, лічыць эксперт:
— Галоўны геапалітычны вынік удзелу Беларусі ва Усходнім партнёрстве — тое, што краіна праз гэтую праграму ўспрымаецца як самастойны гулец. Канешне, са сваімі прыярытэтамі, са сваімі складанасцямі. Але нагадаю: раней быў падыход да Беларусі, як і да іншых краін экс-СССР, размаўляць пра іх праз Расію. Зараз такога няма, і гэта істотны, вельмі важны вынік з пункту погляду суверэнітэту краіны.
Працяг артыкула чытайце тут.
Читайте еще
Избранное