Рада ПЭН-цэнтру выбачылася за «дыскрымінацыю»

Рада Беларускага ПЭН-цэнтру выступіла са зваротам да беларускіх літаратараў, у якім папрасіла прабачэньня «за недарэчна ўжытае слова» ў справаздачы, зьмешчанай на сайце арганізацыі.

Як адзначаецца ў заяве, «Ніякага пытаньня моўнай дыскрымінацыі на сходзе Беларускага ПЭН-цэнтру не абмяркоўвалася і ніякай афіцыйнай заявы з гэтай нагоды не прымалася». Рада ПЭН-цэнтру тлумачыць зьяўленьне словаў аб дыскрымінацыі расейскамоўных пісьменьнікаў недаглядам рэдактара сайта і адміністрацыі.

— Засноўваючы прэмію «Кніга году», Беларускi ПЭН-цэнтар кіраваўся ідэяй аб’яднаньня беларускіх пісьменьнікаў, незалежна ад іх мовы творчасьці, ідэяй уключэньня іх у адзіны літаратурны працэс. Выказваем глыбокую занепакоенасьць тым, што прыкрая памылка адцягнула грамадзкую ўвагу ад сутнасьці цікавага і пэрспэктыўнага праекту, пераключыўшы ўсю ўвагу на ўзаемныя крыўды i абвiнавачваньнi, — гаворыцца ў заяве, якую падпісалі сябры Рады Беларускага ПЭН-цэнтру Уладзімер Арлоў, Павел Анціпаў, Андрэй Дынько, Ігар Логвінаў, Андрэй Хадановіч, Юлія Цімафеева і Ганна Янкута.

Лютаўскі прэс-рэліз Беларускага ПЭН-цэнтру, у якім пісалася пра «пэўную дыскрымінацыю» расейскамоўных беларускіх пісьменьнікаў, выклікаў спрэчкі сярод беларускай грамадзкасьці. Пра свой выхад зь Беларускага ПЭН-цэнтру пасьля гэтага паведамілі Алесь Аркуш, Сяргей Дубавец, Вінцэсь Мудроў і Юры Станкевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)