Комментарии
Андрэй Дынько, «Наша нiва»

Рада інтэлігенцыі з удзелам генерала вызначыла нам лідэраў

Гэта было б смешна, калі б не выглядала так цынічна. Рада інтэлігенцыі вызначыла спіс прэтэндэнтаў на званне адзінага.

У ім ёсць Калякін — які хіба і кандыдатуры не вылучаў, бо цвяроза ацэньвае шанцы на сваё абранне лідэрам апазіцыі. Але ў ім няма Мілінкевіча. «Не вошли в пятерку избранных тот же Александр Ярошук, Александр Милинкевич, но голосование было честным, объективным, незаангажированным», — растлумачыў дырэктар Колас. Карацей, няма, бо не пасуе.

Ну так: Калякін, які прапаноўваў Абхазію прызнаць і ўвядзенне адзінай валюты з Расіяй узважваў, дадзеным сцэнарыстам, рэжысёрам і касцюмерам пасуе. А Мілінкевіч — не.

І пляваць на сацыёлагаў, якія даюць Мілінкевічу найбольшы рэйтынг. Ці ж павінна інтэлігенцыя аглядвацца на народ ці тым больш на буржуазную навуку сацыялогію? Місія інтэлігенцыі — у тым, каб народ з сацыёлагамі ў купе весці наперад.

Вы там што, бля, а? Смір-рна! — скамандаваў нам генерал. Ён прыкаціў на нашы пожні з мітынгу за яднанне народаў Беларусі і Расіі. Па цотных днях ён кандыдат у прэзідэнты проста, а па няцотных — відны дзеяч Рады інтэлігенцыі, якая вызначае кандыдата ў прэзідэнты не проста…

Можна па-рознаму ацэньваць Мілінкевіча і ягоную палітычную стратэгію. Але той факт, што ў сённяшніх умовах чалавек мае свой рэйтынг, пра нешта гаворыць. Прынамсі, пра сувязь ягоных праграмы і стылю паводзінаў з чаканнямі грамадства.

Можна па-рознаму ацэньваць і Някляева, і ягоны палітычны патэнцыял — стратэгіі тут пакуль няма, зарана ўжываць гэтае слова. Але стыль і адрасат ягонай палітычнай аргументацыі таксама пра нешта гавораць: «Некалі Беларусь абавязкова ўступіць у Еўразвяз. І як гэта сёння ні здасца некаму дзіўным — з дапамогай Расіі, якая знойдзе ў тым сваю выгаду». Я разумею, які разлік стаіць за такімі заявамі, але, прабачце, многія маюць іншы грамадскі ідэал.

Пра якога «адзінага кандыдата» можа гаворка ў такой сітуацыі? Нашто тут аўтарытэт інтэлігенцыі?

Я бачу фундаментальную памылку ў тым, што многія на пустым месцы вазамнілі сябе «публічнымі палітыкамі», хоць ніякай «публічнай палітыкай» пры гэтым рэжыме і не пахне. Механіка палітычнага іншая ў сённяшняй Беларусі. І гэта суцяшае: у прынцыпе, хохмы кшталту рашэння Рады інтэлігенцыі — гэта праблема, выкліканая заганным механізмам, а не заганнай мараллю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)