Рада інтэлігенцыі будзе далей працаваць з пяццю кандыдатамі
А вось астатнія кандыдаты збіраюцца працаваць без Рады.
Спробы вылучэння адзінага кандыдата з дапамогай Рады інтэлігенцыі, відаць па ўсім, зайшлі ў тупік. Пасля таго, як Рада сваім рашэннем звузіла лік прэтэндэнтаў да пяці, пакрыўджаныя кандыдаты вырашылі адмовіцца ад пасярэдніцтва Рады. Сённяшняе пасяджэнне “круглага стала” адбылося ўжо без яе прадстаўнікоў. Як заявіў “Салідарнасці” Мікалай Статкевіч, пасля агучанага рашэння Рада страціла нейтралітэт і таму яе ўдзел у працэсе больш не абавязковы.
— Мы прызнавалі Раду інтэлігенцыі як пасярэдніка, але не прызнавалі, як выбаршчыка, — патлумачыў палітык. — Ні ў адным з прынятых дакументаў не сказана, што менавіта Рада павінна кагосьці выбіраць. Агучыўшы свае кандыдатуры, Рада згубіла нейтралітэт. А пасярэднік не павінен быць ангажыраваным.
Аднак і Рада інтэлігенцыі здавацца не збіраецца. Як заявіў “Салідарнасці” старшыня Уладзімір Колас, Рада збіраецца і далей працаваць па выхадзе на “адзінага”. Але з тымі пяццю, каго яна назвала раней. Сярод іх — Аляксандр Казулін, Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Сяргей Калякін.
— Мы будзем працаваць з пяццю кандыдатамі, якіх назвалі, — патлумачыў Уладзімір Колас. — У пятніцу мы збіраемся. Не будзе вось толькі Калякіна і Казуліна (яны не ў Беларусі). Але з Калякіным мы загадзя перамовіліся: ён не супраць падпісацца пад агульным рашэннем. Тое самае казаў і Лябедзька, які прадстаўляе Раманчука. Вось з гэтымі пяццю і будзем дамаўляцца. Калі хопіць волі і рашучасці, то, можа, нешта і будзе. Што да астатніх, то, наколькі я ведаю, зараз яны проста збіраюцца абмяркоўваць каардынацыю дзеянняў: вылучэнне ў камісіі, абарону вынікаў... Але пра якія вынікі ідзе гаворка, калі выпадае пытанне адзінага? Яны не хочуць дамаўляцца. Так можна бясконца збірацца. Таму мы вырашылі не даваць сябе ўблытаць ў гэтую бясконцую цягамоціну.
Такім чынам, круглы стол па выхадзе на адзінага кандыдата фактычна распаўся на два лагеры. І гэта толькі першыя вынікі кансалідацыі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное