Общество
Прэс-служба ГА «БАЖ»

Рада ГА «БАЖ» патрабуе тэрміновага вызвалення калег

Кіраўнічы орган журналісцкай арганізацыі ўхваліў праект заявы, у якой запатрабаваў тэрміновага вызвалення сябраў арганізацыі, што знаходзяцца пад вартай; спыніць пераслед за выказванне меркавання; вярнуць журналістам і СМІ абсталяванне і носьбіты інфармацыі, забраныя ў часе вобшукаў.

Рада БАЖ таксама абмеркавала план супольных дзеянняў па падтрымцы зняволеных і пацярпелых калег — сябраў арганізацыі.

«Найгорш сёння тым, хто цяпер у труме — яны знаходзяцца ў ізаляцыі, з некаторымі ад новага году не было сувязі, — пачала свой выступ старшыня БАЖ Жанна Літвіна. — Нашы высілкі павінны быць скіраваныя на падтрымку тых, хто там, на патрабаванне вызваліць іх, змяніць ім меру стрымання. Мы гатовыя паручыцца за нашых калег.

Я расцэньваю ціск на журналістаў як адзнаку іх прафесійнай працы падчас падзеяў 19–20 снежня і пасля іх. Журналісты адпрацавалі так, што зараз ім помсцяць за гэта.

Мы ўжо маем дамоўленасць з Міжнароднай Федэрацыяй Журналістаў аб акцыях салідарнасці. Найперш, думаю, мы будзем звяртацца да журналісцкіх саюзаў краін Еўропы, каб яны, у сваю чаргу, звярталіся да сваіх урадаў і прэзідэнтаў — каб тыя на палітычным узроўні патрабавалі вызвалення вязняў-журналістаў і ўсіх іншых…»

Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Аляксандраў, які выступаў у Еўрапарламенце 12 студзеня на слуханнях па Беларусі, распавёў пра рэакцыю еўрапейцаў на падзеі ў нашай краіне:

«Еўропа ў шоку, калі коратка. Еўрапейскі парламент і Еўракамісія займаюць выразную, зразумелую і цвёрдую пазіцыю. На наступным тыдні будзе рэзалюцыя Еўрапарламента. Пазіцыя еўраструктур, як мяркуецца, будзе дастаткова жорсткай. На ўсіх абмеркаваннях згадвалася незалежная прэса, мы распавялі пра няспынную хвалю рэпрэсій. Першае і галоўнае, чаго будуць патрабаваць еўраструктуры — гэта вызваленне зняволеных і спыненне рэпрэсій.

Падкрэслю, што гэта пазіцыя Еўрапарламента і Еўракамісіі, але рэальнае напаўненне еўрапейскай палітыкі будзе, калі збяруцца прэм’ер-міністры краін Еўразвязу.

Міжнародная Федэрацыя журналістаў, да якой мы звярнуліся, гатовая арганізаваць агульнаеўрапейскую акцыю салідарнасці з беларускімі журналістамі, гатовая звярнуцца да ўсіх свах саюзаў, што ўваходзяць у МФЖ і ЕФЖ (Еўрапейскую федэрацыю журналістаў - заўв. БАЖ).»

Рада абмеркавала магчымыя салідарныя дзеянні ўнутры Беларусі ў падтрымку зняволеных і пацярпелых калег. Сярод іншага абмяркоўвалася правядзенне пікетаў, у тым ліку ў рэгіёнах, акцыі салідарнасці ў Сеціве, збор сродкаў на адвакатаў для зняволеных, на падтрымку іх сем’яў і іншае.

«Самае эфектыўнае — нашая аператыўная журналісцкая праца», — лічыць рэдактар інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» Аляксандр Старыкевіч.

«Пакуль улады нас не „прыхлопнулі“ разам, трэба пісаць, перадаваць інфармацыю, рабіць сваю прафесійную справу», — падтрымаў яго думку шэф-рэдактар «Новага часу» Аляксей Кароль:

«Як бы там ні было, але журналісты зараз знаходзяцца на выгоднай пазіцыі, бо ўсё яшчэ маюць уплыў на грамадскую думку, — упэўнены медыяэксперт Алесь Анціпенка. — І тут важна больш галасоў публікі даваць на старонках газет, у інтэрнэце. Як мага больш галасоў ад аўдыторыі — рабіць падборкі каментароў на форумах, апытанкі і г.д. На маю думку, мае сэнс Камісіі па этыцы БАЖ адрэагаваць на тыя публікацыі і фільмы, якія з’явіліся ў дзяржаўных медыя пасля 19-га…»

Нагадаем, што ў складзе Рады – 43 сябры ГА «БАЖ» з Мінска і рэгіёнаў.

Двое з іх – Сяргей Вазняк і Павел Севярынец — знаходзяцца ў СІЗА КДБ як абвінавачаныя па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19-20 снежня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)