«Рада БНР зможа ініцыяваць стварэньне “Пляну Маршала для мадэрнізацыі Беларусі”»
1 чэрвеня падчас сэсіі Рады БНР ў Нью-Ёрку перад сябрамі Рады выступіў былы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц, які абгрунтаваў сваю прапанову аб прызнаньні Злучанымі Штатамі Рады БНР у якасьці легітымнага воргана дзяржаўнасьці Беларусі, і адначасовай адмове такога прызнаньня ворганам улады пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі.
Рада прыняла рэзалюцыю ўхваліць выкладзеную амбасадарам Суорцам пазыцыю. З гэтай нагоды старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла адказвае на пытаньні “Салідарнасьці”.

Фота Радыё Свабода
– Спадарыня Івонка, у чым сутнасьць прапановы амбасадара Суорца? Бо, як вядома, Вас як старшыню Рады і цяпер прымаюць у эўрапейскіх краінах на высокім ўзроўні...
– Рада БНР ёсьць легітымным рэпрэзэнтантам беларускай дзяржаўнасьці. Беларусы – ня першыя, хто мае так званы “экзыльны ўрад”, і ў заходнім сьвеце гэта памятаюць. Спадар Суорц ўзьняў пытаньне пра тое, каб, цытую, з боку ЗША “надаць фармальнае дыпляматычнае і юрыдычнае прызнаньне Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі як законнай уладзе краіны”.
Пэўна, нялішне будзе зрабіць невялікі экскурс у гісторыю.
Ад часу наданьня дзяржаўных паўнамоцтваў Усебеларускім Зьездам 1917 г., мэтаю Рады БНР было сфармаваньне ў Беларусі дэмакратычнай палітычнай сыстэмы, са свабодна і справядліва абранай уладаю. Скліканьне Беларускага Ўстаноўчага Сойму было прызначана Радай на 1 сьнежня 1918 г., аднак, як Вы ведаеце, гэтага не адбылася з прычыны наступу Чырвонай Арміі, акупацыі БНР войскам Савецкай Расеі.
Працягваючы сваю дзейнасьць на выгнаньні, Рада паводле Статуту мае скласьці паўнамоцтвы на карысьць будучай дэмакратычнай улады ў Беларусі, пры ўмове гарантаванасьці незалежнасьці.
Такім чынам, як Вы бачыце, галоўная мэта Рады – стварэньне дэмакратычнай ўлады ў Беларусі.
– Між іншым, чаму паўнамоцтвы не былі перададзеныя ў пачатку 90-ых, калі была абвешчаная Незалежнасьць? Бо ёсьць жа прыклад украінцаў - Рада УНР перадала свае паўнамоцтвы.
– Так, у тыя гады кіраўніцтва беларускага ўраду (найперш прэм’ер-міністар Кебіч і міністар замежных спраў Краўчанка) рабілі намаганьні, каб Рада БНР склала свае паўнамоцтвы. Але мой папярэднік на пасадзе старшыні Язэп Сажыч адмовіўся гэта зрабіць. Таму што, па-першае, не было дэмакратычна абранай улады (дзейнічаў Вярхоўны Савет, абраны яшчэ пры камуністах), а па-другое, мы не лічылі, што незалежнасьць – гарантаваная і незваротная. І ў гэтым мы, як паказалі наступныя падзеі, мелі рацыю.
Сапраўды, Рада УНР перадала свае паўнамоцтвы ў 1993 годзе на рукі прэзыдэнту Украіны, была ўрачыстая цырымонія з удзелам дэпутатаў і членаў ураду. Але пазьней даводзілася чуць ад украінскіх сяброў, што яны з гэтым пасьпяшаліся.
Я падкрэсьліваю: Рада БНР ня мае на мэце, вярнуўшся ў Беларусь, заняць месца ўраду. Рада складзе свой гістарычны мандат на карысьць дэмакратычна абранай улады, і гэта, між іншым, адназначна сказана ў сучасным Статуце Рады. А сёньня мы імкнемся спрыяць, каб такая дэмакратычная ўлада паўстала як найхутчэй.
– Вы ня верыце ў тое, што Лукашэнка пад уплывам унутраных альбо зьнешніх фактараў можа пайсьці на пэўныя дэмакратычныя рэформы?
– Цалкам выключаю такі варыянт.
І вось якраз ініцыятыва амбасадара Суорца фактычна грунтуецца на тым, што сфармаваная за 19 гадоў пад тыраніяй Лукашэнкі дзяржаўна-палітычная сыстэма ўжо ня мае ўнутранай здольнасьці для вяртаньня да дэмакратычнай легітымнасьці, ні пры якіх умовах.
І было б слушна, каб пераход ад дыктатуры да дэмакратыі мог адбыцца пад эгідай міжнародна-прызнанай установы беларускай дзяржаўнасьці, якая існуе па-за межамі сыстэмы Лукашэнкі. І пры гэтым установа (мы кажам пра Раду БНР ) ня будзе пасьля браць удзел у спаборніцтве дэмакратычных палітычных сілаў Беларусі за ўладу.
Мы, калі Вы заўважылі, і цяпер знаходзімся па-над міжпартыйнымі спрэчкамі. Рада БНР у аднолькавай ступені падтрымлівае ўсе тыя сілы ў Беларусі, якія выступаюць за незалежнасьць краіны, усталяваньне дэмакратыі, захаваньне і разьвіцьцё нацыянальна-культурных каштоўнасьцяў.
Я вельмі задаволеная тым, што летась у лістападзе ў Вільні мы разам з лідэрамі беларускіх арганізацый падпісалі Мэмарандум у справе абароны Незалежнасьці. Вельмі важна, што лідэры партыяў і арганізацый ўзьняліся над міжасабовымі спрэчкамі (напэўна, у палітыцы такія спрэчкі непазьбежныя, але ёсьць каштоўнасьці, перад якімі яны павінны адысьці на другі план).
– У выпадку, калі Рада БНР атрымае міжнароднае прызнаньне (такое, якое меў польскі ўрад у выгнаньні ў часе Другой Усясьветнай вайны альбо цяпер – апазыцыйная кааліцыя Сірыі), што Вы будзеце лічыць галоўным у сваёй дзейнасьці?
– Выглядае, адказ на гэтае Вашае пытаньне будзе доўгім. Рада БНР скарыстае сваю міжнародную правасуб'ектнасьць для вырашэньня задачаў на трох асноўных напрамках.
Па-першае, у якасьці прызнанага ЗША і, як можна чакаць, шэрагам іншых дзяржаваў, суб’екта міжнароднага права, Рада зможа мабілізаваць адпаведныя міжнародныя рэсурсы, скарыстаўшы іх для паскарэньня аднаўленьня дэмакратыі ў Беларусі. Рада зможа зрабіць гэта шляхам такіх захадаў, якія іншыя дзяржавы сёньня ўжываць у адносінах да тыраніі ў Менску не гатовыя.
Вы бачыце, як пагаршэньне эканамічнай сытуацыі прымушае Лукашэнку замест рэформаў здаваць Расеі, вобразна кажучы, усё новыя “кавалкі” сувэрэнітэту. Аддаюцца бюджэтнаўтворныя прадпрыемствы, ствараюцца выключныя ўмовы для расейскіх карпарацыяў, нарэшце, павялічваеца вайсковая прысутнасьць Масквы (дарэчы, на апошняй сэсіі Рада прыняла заяву супраць разьмяшчэньня расейскіх вайсковых аб’ектаў).
У новай якасьці Рада БНР зробіць папераджальныя міжнародныя захады, каб захаваць статус сувэрэнітэту Беларусі ад небясьпекаў, якія могуць паўстаць падчас самых цяжкіх і апошніх ступеняў крызісу сыстэмы пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, пры магчымых спробах кіраўніцтва рэжыму сама-захавацца любым коштам з апораю на Расею.
Па-другое, сёньня ў Беларусі і ў замежжы засталося мала надзеяў, што зьмена ўлады можа адбыцца шляхам такіх дэмакратычных працэдураў пры ўдзеле ворганаў, сфармаваных Лукашэнкам (маю на ўвазе ЦВК, але ня толькі яе). Узьнікае пытаньне аб воргане, пад палітычным наглядам і эгідай якога змогуць адбыцца першыя дэмакратычныя выбары, станецца запачаткавана сыстэма сумленнага дэмакратычнага працэсу. У разе абгрунтаванага амбасадарам Суорцам міжнароднага прызнаньня, Рада можа выканаць такую ролю для Беларусі.
Прызнаньне легітымным часовым ворганам улады з боку ЗША і іншых краін безумоўна надасьць Радзе неабходны статус для выкананьня такой задачы паводле найлепшага міжнароднага досьведу і ўзораў, з апорай на падтрымку беларускага палітычна-актыўнага грамадзтва і з прыцягненьнем ўсіх унутраных і міжнародных арганізацыйных і экспэртных рэсурсаў.
Па-трэцяе, найбольш верагодна, што рэжым Лукашэнкі пакіне Беларусь з дашчэнту разбуранай эканомікай і вялізнымі зьнешнімі пазыкамі. У якасьці суб’екта міжнароднага права, карыстаючыся прызнаньнем ЗША і іншых дзяржаваў, Рада зможа ініцыяваць стварэньне, назавем умоўна, міжнароднага “Пляну Маршала для мадэрнізацыі Беларусі”.
Такі плян мог бы быць уведзены адразу па аднаўленьні дэмакратычнай легітымнасьці ўлады. Мэтаю Рады ў гэтай частцы станецца перадаць новай дэмакратычнай уладзе Беларусі ня толькі гістарычную дзяржаўную традыцыю БНР і гістарычную пячатку Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, але гатовы комплексны пакет міжнародных актываў, што дазволіць шырокім масам народа Беларусі як хутчэй адчуць выгоды вернутай свабоды і пачаць узьнімацца эканамічна.
Беларусы – вельмі працавіты народ. Рада БНР будзе імкнуцца закласьці ў Беларусі падмуркі такой краіны, у якой будзе прыемна жыць і якой сапраўды будзе можна ганарыцца.
– Абгрунтоўваючы сваю прапанову, Дэвід Сўорц заявіў, што прызнаньне Рады БНР і яго наступствы будуць ў інтарэсах усходнеэўрапейскага рэгіёну. У чым ён палягае?
– У тым, што свабодная, беларуская Беларусь у якасьці рэгіянальнага ўзору дэмакратыі, вяршэнства закона і гарантаваньня правоў чалавека, беларускай нацыянальнай сама-рэалізацыі гаспадарчага разьвіцьця і стварэньня годных сацыяльных умоваў для жыцьця, сваім посьпехам кардынальна зьменіць усё аблічча абшара паміж Чорным і Балтыйскім морам. Гэтым яна пакладзе гістарычны канец спадчыне СССР і нэа-імпэрскім памкненьням Расеі.
Рада БНР мае вельмі дакладнае ўяўленьне пра тую Беларусь, падмуркі якой яна мае на мэце закласьці, на грунце прынцыпаў Беларускай Народнай Рэспублікі, галоўнымі зь якіх ёсьць свабода, незалежнасьць і права народу на рэалізацыю права на годнае, заможнае жыцьцё на сваёй зямлі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное