Работнікі магілёўскага заводу падалі ў суд на вэртыкаль

Акцыянэры магілёўскага рамонтнага заводу зьвярнуліся у гаспадарчы суд з пазовам на дзеяньні адміністрацыі заводу і абласных чыноўнікаў. Яны намагаюцца адмяніць пастанову аблвыканкаму па рэарганізацыі прадпрыемства і абвінавачваюць чыноўнікаў у парушэньні працоўнага заканадаўства.

На Магілёўскім рамонтным заводзе пакуль не камэнтуюць канфлікту —спасылаюцца на адсутнасьць юрыста.

Рабочыя на завадзкой прахадной таксама ўстрымліваюцца ад камэнтароў.

Аднак мы даведаліся, што запазычанасьць акцыянэрнага таварыства складае сёньня два з паловай мільярды рублёў. Дзеля фінансавага аздараўленьня працаўнікам прапанавалі перадаць дзяржаве поўны пакет акцыяў.

Людзі ня супраць выратаваньня прадпрыемства. Але яны не прызнаюць мэтады, якія выкарыстоўваюць адміністрацыя і абласныя чыноўнікі.

Так, на агульным сходзе акцыянэрам прапанавалі прагаласаваць за пастанову аб рэарганізацыі, якую падрыхтавалі без папярэдняга ўзгадненьня зь імі. На знак пратэсту нязгодныя пакінулі агульны сход. 685 чалавек адмовіліся вяртаць свае акцыі. Некалькі дзясяткаў падалі пазоў у гаспадарчы суд.

Сытуацыю камэнтуе юрыст незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Каралёў:

“Ня ведаю, якая будзе пастанова суду, хутчэй за ўсё не на карысьць рабочых, але ў любым выпадку яны маюць рацыю. Ніхто бязь іхнай згоды забраць у іх акцыяў ня можа. Калі яны будуць настойлівыя, могуць дайсьці да міжнародных арганізацыяў дзеля таго, каб дабіцца сваіх правоў”.

Спадар Каралёў прыгадаў падобную сытуацыю на магілёўскім заводзе “Тэхнапрыбор”. Там, аднак, людзі ня дужа супраціўляліся, акцыі неўзабаве перайшлі да дзяржавы.

Аляксандар Каралёў зазначае, што ў Магілёве выразна праглядаецца тэндэнцыя да рэарганізацыі акцыянэрных прадпрыемстваў у дзяржаўныя. Юрыст мяркуе, што штучнае акцыянаваньне прадпрыемстваў не апраўдала сябе.

“На працягу апошніх год акцыі нічога ня значаць. Людзі, якія ўклалі свае грошы, не атрымоўваюць ніякіх дывідэндаў. Сэнсу ў акцыі, па вялікім рахунку, няма, але калі чалавек уклаў свае грошы ў акцыі, забіраць іх назад ня маюць права. Няхай спачатку вернуць людзям тое, што яны ўклалі з улікам інфляцыі, і гэта было б справядліва”, — зазначае Аляксандар Каралёў.

Магілёўскі рамонтны завод спэцыялізуецца на рамонце рухавікоў усіх мадыфікацыяў, а таксама на рамонце паліўнага абсталяваньня. Працуюць на заводзе каля трох тысяч чалавек.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)