Пыл у вочы
Пасля гвалтоўнага і няякаснага асушэння Палесся мне даводзілася трапляць у «чорныя буры», калі вецер здзімае з палеткаў і нясе ў паветры верхні пласт торфу, засланяючы нават сонца. Чалавек, якому пыл запоўніў вочы, вушы, нос, рот, страчвае арыентацыю ў прасторы, становіцца бездапаможным.
Жудасны пыл успомніўся невыпадкова. Высокім дасягненнем рэжыму і яго кіраўніка, пра якое звычайна расказваюць амаль усе госці Беларусі і трубяць прыкормленыя піяршчыкі, лічыцца «выключная чысціня ў Мінску». Гэта падман, «пыл у вочы». Цэнтр сталіцы знаходзіцца ў добрым стане пастаянна, яшчэ з 50-х гадоў ХХ стагоддзя. У нас здаўна неблагія дарогі, больш-менш дысцыплінаваныя пешаходы і вадзіцелі. А таму старэйшыя людзі не павінны забывацца, а маладым трэба ведаць, што ў існаванні такой традыцыі няма ніякіх заслуг чыноўнікаў апошняга прызыву, трэба толькі падтрымліваць некалі распачатае.
Мае словы пацвярджае вядомы расійскі пісьменнік А.Кабакоў, які піша пра савецкае мінулае: «Всем участникам большой научной и экспериментально-производственной работы, завершившейся созданием нового отечественного антибиотика, были вне очереди выделены квартиры в жилых микрорайонах вышеупомянутого города Минска, очень чистого» («Маршрутка: рассказы», Москва, «АСТ». «АСТРЕЛЬ», 2010).
Дадам яшчэ, што казка пра «чыстую Беларусь» адразу блякне, варта сысці з праспектаў і цэнтральных вуліц, з’ехаць з трасаў на перыферыю. Дарэчы, сябры з Германіі, Францыі, якія гасцююць у маёй сям’і, здзіўляюцца: чаму, калі паходзіш па Мінску, абутак і адзенне становяцца запыленымі? Гэта пацешна, бо ў свеце Беларусь ахрысцілі «краінай міліцыянераў і дворнікаў». Са свайго боку сведчу, што ў Берліне, Франкфурце-на-Майне, Парыжы, Ліёне абутак пасля вандровак чамусьці застаецца чыстым…
Я даўно адкрыў для сябе, што выраз «пыл у вочы» характарызуе абсалютна ўсе сферы беларускага жыцця. Але пачну не з эканомікі, як робяць 99, 99% журналістаў, а з людзей, бо яны — аўтары ўсяго добрага і кепскага на роднай зямлі. Згаданы пісьменнік А.Кабакоў сцвярджае: «Население там, к слову сказать, светловолосое, тихое и удивительно покладистое до тех пор, пока не подастся вдруг в леса и болота партизанить с припрятанными именно для такой надобности в тех же лесах и топях винтовками…» Такім чынам, дзякуючы свабодалюбству, смеласці прадзедаў, дзядоў, бацькоў, мы па інерцыі ўсё яшчэ «ходзім у героях».
Можна радавацца такой ацэнцы сучасных беларусаў, але гэта — фантазія пісьменніка, заснаваная на прыдумках прапаганды. Нягледзячы на тысячы ваенных кніг, горкая праўда пра апошнюю бойню яшчэ не напісана. Для мяне, сына партызанкі і франтавіка, гадаванага ў легендарным Ушацкім краі, не сакрэт, што поруч з героямі тады было шмат палахліўцаў, прадажнікаў, садыстаў, што часта «арганізатараў партызанскага руху», у тым ліку і чэкістаў, спецыяльна засланых для гэтага з «Вялікай зямлі», даводзілася пад руляю зброі, сілком адрываць ад апетытных маладзіц, сцягваць з цёплых печаў, каб ішлі змагацца за волю.
Сітуацыя не змянілася. Па-першае, вінтовак у беларускіх «лесах и топях» няма. Акрамя таго, калі б і былі, то ніхто за імі не пойдзе нават дзеля святой мэты — набыцця свабоды. На што здольны тутэйшы люд, дык наладзіць п’яную страляніну з ружжаў па родзічах ці суседзях, панажоўшчыну або дурное пулянне ў неба петардаў і ракет. Асабліва гэта выяўляецца ў святы, на якіх рэй вядуць «чарка і скварка». Будзённыя дні таксама сталі паўп’янымі.
Насельніцтва Беларусі, за выключэннем тонкага пласта разумных, мужных людзей, якія змагаюцца за прыстойнае быццё, выкарыстоўвае толькі самыя элементарныя, прымітыўныя якасці — жывёльны эгаізм і інстынкт выжывання.Яно лічыць для сябе зручнай, выгаднай і бяспечнай радыкальную адмову ад пачуцця ўласнай годнасці, ад грамадзянскай пазіцыі. «Лёгкі дэбілізм», які патрэбны пэўным катэгорыям службоўцаў для бяздумнага выканання засакрэчаных загадаў улады, паступова расцякаецца па ўсім грамадстве.
Краіна завешана прапагандысцкімі шчытамі: «Мы — беларусы!», «Люблю Беларусь!» Але ў чым гордасць, што за душой? Якімі адметнымі рысамі вызначаюцца людзі, што жывуць «паміж Варшавай і Масквой»? Адной толькі талерантнасцю, ды і то не ў лепшым сэнсе слова?
Наша грамадства выракаецца не толькі роднай мовы, гісторыі, культуры, але і сваіх нацыянальных герояў, заслужаных людзей. Шмат землякоў сталі вядомымі ў Расіі, Польшчы, у далёкім замежжы.Чаму яны збеглі, не падняліся тут? Значыць, ёсць у Беларусі нешта нядобрае, што перашкаджае чалавеку станавіцца на ногі, затоптвае таленты. Думаецца, найперш — гэта зайздрасць, варожасць да разумнейшых, лепшых, невыводнае самаедства!
Якім чынам у Беларусі выбіраюцца парламент, прэзідэнт, прызначаюцца суды, працуюць дзяржаўныя СМІ — ведае ўвесь свет. Закрытасць, махінацыі, фальсіфікацыі сталі нормай. Але ўсё ж пратэстныя падзеі ў Расіі паўплывалі на паводзіны ўзурпатараў. Як толькі прыпячэ адно месца, яны выказваюць жаданне рэфармаваць палітычную сістэму, якую самі загналі ў тупік, раптам «успамінаюць», што ёсць дэмакратыя, правы і свабоды чалавека. Але і тут — пыл у вочы. Ваўкі ніколі не стануць мірнымі, рахманымі авечкамі!
У такіх краінах, як Беларусь, каб рухалася эканоміка, рашаліся сацыяльныя пытанні, якраз на першым месцы павінны быць адукацыя і культура. З 1991 года перад намі адкрыліся вялікія магчымасці для развіцця роднай мовы, якая здольная яднаць і ўмацоўваць нацыю, але мы не рэалізуем іх. Затое дажыліся да таго, што ў ВНУ прымаюць… «двоечнікаў» (!).
«Беларускі эканамічны тыгр» — гэта, пра што я сцвярджаў неаднойчы, «пыл у вочы», у вытворчасці якога ўдзельнічалі не толькі мясцовыя хлусы, але і зацікаўленыя «дабрадзеі» з дэмакратычнай Еўропы. Віртуальны звер, якім доўга захапляліся, бясслаўна сканаў. Сусветны банк (СБ) прагназуе ў 2012 годзе падзенне тэмпаў росту ВУП Беларусі да 0, 5%.
Хачу яшчэ сказаць, што не трэба блытаць два розных паняцці — «краіну» з «дзяржавай». Мы жывем у краіне з выдатнай прыродай, неблагімі рэсурсамі, камфортным кліматам (рукатворныя радыяцыйныя жахі Чарнобыля — гэта выключэнне, расплата за ўсё тую ж чалавечую бяздумнасць!), але адначасова і ў «жудаснай дзяржаве, якую аўтакраты зляпілі са страху людзей». Па вялікім рахунку яе таксама можна лічыць «пылам у вочы», бо канструкцыя не напоўнена патрэбным канкрэтным зместам. Гэта ацэнка не мая, а дзесяткаў разумных людзей свету — спецыялістаў у галіне палітыкі, эканомікі, навукі, адукацыі, культуры…
У гарадах Паўночнай Карэі цэнтральныя вуліцы таксама чыстыя. Голымі людзі там не ходзяць. Але я не хачу сам і ніколі не пажадаю нашчадкам жыць у краіне-казарме, дзе адны насельнікі носяць вайсковую форму, другія, працуючы зноў жа на вайну, маюць толькі галёшы і куртку на год, дзе ходзяць строем, дзе самым высокім дасягненнем лічаць ідэалагічныя заклікі, здравіцы ў гонар чарговага «вялікага кіраўніка», а ў гэты час колькасць грамадзян, памерлых ад голаду, пераваліла за мільён.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное