Политика
Анастасія ЗЕЛЯНКОВА

Пяць сутак за канцэрт

Да 5 сутак турэмнага зняволення суд Савецкага раёна прыгаварыў намесніка старшыні партыі БНФ Алеся Міхалевіча і сябру “Згуртавання беларускіх студэнтаў” Васіля Лепеша. Суддзі Людміла Севасцьян і Аксана Рэлява палічылі іх вінаватымі ў дробным хуліганстве (арт.156 Адміністрацыйнага кодэкса).

Моладзевыя актывісты былі затрыманыя 22 снежня падчас святочнага канцэрта. Ноччу на кватэру Алеся Міхалевіча, дзе раней размяшчаўся офіс ЗБС, уварваліся супрацоўнікі міліцыі і затымалі 29 чалавек, большая частка з якіх былі студэнтамі сталічных вузаў. Усіх затрыманых адвезлі ў міліцэйскі пастарунак Савецкага раёна, але праз некалькі гадзін адпусцілі, перапісаўшы пашпартныя дадзеныя. У турму на Акрэсціна трапілі толькі Васіль Лепеш і Алесь Міхалевіч. Адтуль іх і прывезлі у зал суда.

Супрацоўнікі міліцыі, якія былі галоўнымі сведкамі, сцвярджалі, што прыехалі да Міхалевіча па выкліку суседзяў, якія скардзілся, што нібыта ў ягонай кватэры моцна шумяць. Між тым пратакол, які быў складзены на Міхалевіча, указваў не на парушэнне ім правілаў карыстання жыллём, а на ўчыненне дробнага хуліганства, прычым здзейсненага ў грамадскім месцы. Паводле міліцыянераў, Алесь Міхалевіч і Васіль Лепеш «нецэнзурна лаяліся на вуліцы і ніяк не рэагавалі на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі».

Тым не менш гэтыя довады суд палічыў справядлівымі і назначыў Васілю Лепешу і Алесю Міхалевічу, які да ўсяго з'яўляецца кандыдатам у дэпутаты Мінскага гарадскога савета, па пяць сутак адміністрацыйнага арышту. Назначаны тэрмін моладзевыя актывісты правядуць на Акрэсціна. Заўтра ў 23.10 яны павінны выйсці на свабоду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)