Экономика
Ягор Марціновіч, Улад Швядовіч, «Наша Ніва»

Пяць пытанняў і адказаў пра новую эканамічную сітуацыю

Афіцыйны курс даляра дасягнуў 15310 рублёў, курс у абменніках— 15610 рублёў. Нацбанк дэкларуе, што доўгачаканая стабілізацыя валютнага рынку наступіла. Але новая эканамічная палітыка Нацбанка па-ранейшаму пакідае шэраг пытанняў.

Да чаго цяпер прывязаны беларускі рубель?

Адмяняючы ў пачатку студзеня валютную камісію, Нацбанк удакладніў свае далейшыя дзеянні па стабілізацыі сітуацыі. Курс беларускага рубля вырашылі прывязаць да кошыка замежных валют у наступных долях: расійскі рубель — 40%, даляр і еўра — па 30%. Раней прапорцыя была іншай: у кожнай валюты па 33%.

Што змянілася? Цяпер біржа пачынаецца з таргоў расійскім рублём (раней базавым быў даляр).

Курс расійскай валюты не зафіксаваны цвёрда, але пакуль яго імкнуцца трымаць на ўзроўні каля 228 беларускіх рублёў.

У залежнасці ад таго, які курс даляра склаўся ў Расіі, вылічваецца, колькі будзе каштаваць амерыканская валюта ў Беларусі. Напрыклад, калі ў Маскве даляр купляюць за 67 расійскіх рублёў, то курс Нацбанка складзе каля 15300 рублёў.

Фактычна адбываецца прывязванне беларускага рубля да расійскага, бо Расія — галоўны гандлёвы партнёр Беларусі. Іншае пытанне, па якім курсе адбудзецца прывязка валют пасля канчатковай стабілізацыі?

Цяпер абраны ўзровень 228 беларускіх рублёў, аднак экспарцёрам было б выгадна аднавіць статус-кво пачатку 2014 года. Тады расійскі рубель каштаваў 280—290 беларускіх рублёў, на 25% больш, чым цяпер

Ці таргі на біржы цалкам свабодныя?

Закулісныя гульні Нацбанка (калі яны нават і ёсць) рэдка выплываюць на паверхню. Пагаворваюць, што «лішнія» заяўкі на куплю валюты на біржы абразаюць. За руку нікога не злавілі, але лічбы сведчаць пра незвычайныя з’явы.

У апошнія дні студзеня дзённы аб’ём прапановы валюты на біржы выйшаў на ўзровень $ 90 мільёнаў. Пры цалкам рынкавай эканоміцы ён мусіць быць меншым, бо цяпер у Беларусі дзейнічае правіла абавязковага продажу паловы валютнай выручкі. «Прымусовы» продаж складае каля $ 70 мільёнаў, тады як вольны — усяго каля $ 20 мільёнаў.

Попыт у сярэднім складае каля $ 95 мільёнаў за дзень. Паколькі ён перавышае прапанову, беларускі рубель патроху слабее, а курсы валют растуць.

Аднак лічбы попыту і прапановы істотна паменшалі проці мінулага года. У студзені 2014-га аб’ём таргоў складаў у сярэднім $115 мільёнаў, а пазалетась — $ 120 мільёнаў. Але тады яшчэ і абавязковы продаж валюты быў меншым — 30% выручкі.

Такім чынам, колькасць тых, хто прадае валюту па біржавым курсе па ўласным жаданні, скарацілася. Пры гэтым Нацбанк адмаўляе банкам у куплі валюты для абменнікаў.

Што будзе з заробкам?

Апошнія гады заробкі беларусаў змяняюцца па простым графіку. Эканоміка набірае абароты, заробкі падыходзяць да пэўнага узроўню... Пасля чаго адбываецца адкат на два-тры гады таму і спроба чарговага ўздыму.

У 2008-м эканоміка не вытрымала $ 450, у 2011-м фатальна лічбай стала $ 500, цяпер — $ 600.

Паводле звестак Белстата, у канцы 2014 сярэдні заробак у краіне перавысіў 6,8 мільёна рублёў «бруднымі». За кошт прэмій снежаньскія заробкі заўсёды самыя высокія за год. Аднак, сплаціўшы падаткі, беларусы могуць набыць усяго $ 380 па цяперашнім курсе ў банках. Узровень дабрабыту фактычна адкаціўся на пяць гадоў назад.

Гаворкі пра індэксацыю заробкаў дзяржава пакуль не вядзе.

Ці ўдалося ўладам стрымаць рост цэнаў?

Нягледзячы на спробы ўладаў замарозіць цэны, супраць законаў эканомікі не папрэш. Урад дазволіў імпарцёрам павялічыць адпускную цану на тавары ў новых пастаўках па схеме: «працэнт дэвальвацыі беларускага рубля мінус 5%». Гэта значыцца, што ад пачатку валютнага крызісу цана магла вырасці не больш чым на 38,5% (40,5% дэвальвацыі x 95%).

Параўнаем, колькі каштавалі прадукты «да» і «пасля».

Найбуйнейшая гандлёвая сетка крамаў «Еўраопт», якая карыстаецца прыязным стаўленнем уладаў, імкнецца не змяняць цэны.

З аднаго боку, кілаграм бананаў у крамах цяпер каштуе 15850 рублёў (+30% у параўнанні са снежнем 2014), апельсіны— 12900 (+9%).

Затое многія тавары пакуль не змянілі цаны. Гарошак «Глобус», гарбата «Грынфілд», шакалад «Альпен Гольд» каштуюць як і раней, а вось нектары «Сочны» нават крыху патаннелі.

З тэхнікай сітуацыя іншая.

Параўнаем каталог адной з найбуйнейшых беларускіх інтэрнэт- крамаў «21 стагоддзе». Большасць тавараў падаражэла на максімальна дазволены ўзровень.

Напрыклад, пральная машына LG F1096SD3 прадаецца за 5 425 тысяч (+38,8%).

Аднак ёсць і выключэнні. Тэлевізар Samsung UE32H5303AKXRU каштуе 6 836 тысяч (+45,8%), а мультыварка Redmond RMC-M4510 — 1 549 тысяч (ажно +49%).

А вось беларуская прадукцыя пакуль падаражэла не так моцна — усё ж не цалкам імпартны тавар. Напрыклад, пральная машына Атлант СМА 50У102 у параўнанні з ліпенем мінулага года вырасла ў цане на 19%.

Ці ёсць валюта ў абменніках?

Каб набыць пэўную суму ў далярах ці еўра, у студзені людзям даводзілася пабегаць па абменніках.

У абед аўторка ў некаторых абменніках можна было адразу купіць па тысячы і даляраў, і еўра. Напрыклад, у непрыкметным акен- цы банка «БелВЭБ» ля сталічнага ЦУМа можна было ўзяць нават і паўтары. У аддзяленні «Хоўм Крэдыт Банка» таксама праблем няма — сказалі, што прададуць любую патрэбную суму.

Але ў большасці банкаў можна набыць толькі тое, што наздавалі за дзень іншыя кліенты. Пры гэтым амаль паўсюль хоць трошкі валюты, але знойдзецца. І пытацца трэба ва ўсіх касах — у аддзяленні «БПС-Сбербанка» ў адным акенцы не было нічога, затое ў другім — $ 150. У «Беларускім народным банку» даляраў знайшлося няшмат, каля $ 30, але прапанавалі 300 еўра. Пры гэтым было бачна, што валюты ў касе хапае. «Гэта не для продажу, — папярэдзіла касірка.— Мы прадаём толькі тое, што здаюць».

Пабачым, ці сітуацыя радыкальна палепшае пасля зняцця абмежавання на куплі валюты на біржы для патрэб насельніцтва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)