Политика

«Мы гатовыя вырашаць крызіс мірна». У штабе Ціханоўскай расказалі, як рыхтуюцца да перамоваў з уладай

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў пра пляны прымусу Лукашэнкі да дыялёгу аб урэгуляыванні палітычнага крызісу, пiша Радыё Свабода.

— Мы працягваем нашую кампанію па прымусу рэжыму да дыялёгу. Мы гатовыя вырашаць крызіс мірна. Мы гатовыя размаўляць. Рэжым — не гатовы. Зьвярніце ўвагу — амаль кожны дзень рэжым пастаянна вымушаны рэагаваць на нас і нашыя заклікі. Лукашэнка апраўдваецца за санкцыі, за падачу заявы пра крымінальную справу супраць яго ў Нямеччыне, за заклікі дапамагчы вэтэранам. Ён вымушаны абараняцца. Ён не падобны на чалавека, у якога ўсё пад кантролем. Таму што гэта ня так,— заявіў дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Вячорка распавёў, над чым цяпер працуе каманда Ціханоўскай:

1. Падрыхтоўка да перамоваў

У траўні-ліпені плянуецца некалькі міжнародных канфэрэнцый, якія стануць пачаткам дыялёгу аб мірным вырашэньні крызісу, палітычнай рэформе і правядзеньні новых свабодных выбараў у Беларусі. Прадстаўнікі Лукашэнкі таксама будуць запрошаныя.

У Беларусі ўжо працуе група міжнародных экспэртаў па падрыхтоўцы дыялёгавай пляцоўкі і наладжваньні кантактаў з прадстаўнікамі рэжыму.

Вядзецца праца, каб крызіс у Беларусі быў узьняты на саміце Вялікай сямёркі ў Лёндане ў чэрвені, на саміце NATO ў Брусэлі ў чэрвені і на сэсіі ПА АБСЭ ў Бухарэсьце ў ліпені.

Пасьля папярэдніх кансультацый Аўстрыя, Італія, Швайцарыя, Швэцыя, a таксама прадстаўнікі АБСЭ выказалі гатоўнасьць быць пасярэднікамі падчас перамоваў па вырашэньні крызісу ў Беларусі.

2. Аднаўленьне законнасьці

У красавіку запрацавала міжнародная плятформа па прыцягненьню вінаватых да адказнасьці для збору дадзеных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі (IAPB), таксама запускаецца мэханізм пры ААН.

Падаюцца новыя справы па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі. У Нямеччыне адвакаты падалі заяву аб зьдзяйсненьні Лукашэнкам злачынстваў супраць чалавечнасьці.

3. Дапамога для беларусаў

У бліжэйшыя тыдні ЭЗ апублікуе інфармацыю аб пляне дапамогі для Беларусі на пераходны пэрыяд і пасьля правядзеньня дэмакратычных выбараў, ініцыяваны і распрацаваны пры ўдзеле Ціханоўскай.

Ціханоўская прапанавала ЭЗ, ААН і АБСЭ распрацаваць праграму дапамогі беларускім СМІ і блогерам.

Эканамічная група Ціханоўскай рыхтуе праект праграмы дапамогі тым, хто пацярпеў ад рэпрэсій за свой пратэст.

4. Ціск на рэжым

3 чэрвеня аднаўляюць дзеяньне санкцыі ЗША супраць 9 прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны Беларусі. ЗША разглядае магчымасьць пашырэньня санкцый на іншыя прадпрыемствы і на іншых прадстаўнікоў рэжыму, датычных да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Бліжэйшым часам Эўразьаяз плянуе прыняць 4-й пакет санкцый супарць беларускага рэжыму, рыхтуецца пяты.

Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага крыжа і Чырвонага паўмесяца разглядае санкцыі супраць Беларускага таварыства Чырвонага крыжа.

Вячорка заклікаў выкарыстоўваць пяць прынцыпаў негвалтоўнага пратэсту, якія назвала Сьвятлана Ціханоўская, каб дамагчыся вызваленьня палітвязьняў і новых сумленных выбараў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(24)