Пяць фактаў пра Барыса Батуру
Барыс Батура звольнены з пасады старшыні Мінскага аблвыканкама і прызначаны дырэктарам «Барысаўдрэва». «НН» сабрала самыя цікавыя факты пра гэтага харызматычнага чыноўніка.
Photo.bymedia.net
1. Быў міністрам яшчэ ў БССР
Барыс Батура – ветэран чыноўніцкага корпусу. Яму ўжо 66 гадоў. Нарадзіўся ў Ваўкавыску. Скончыў Політэхнічны інстытут. Кар’еру пачаў будаваць у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Напрыканцы існавання БССР нават пабыў міністрам ЖКГ. Да яго гэтую пасаду займаў сённяшні прэм’ер Міхаіл Мясніковіч. Іх звязваюць даўнія сувязі і знаёмства.
Потым Батура узначаліў гэтае міністэрства ўжо ў незалежнай краіне. Прычым, меў партфель міністра і пры Кебічу, і пра Лукашэнку. Агулам міністрам ЖКГ Батура прабыў анамальна доўга ад 1987 да 1999.
2. Начальнік Магілёўшчыны
У свой час (2000), калі Батуру прызначалі кіраўніком Магілёўшчыны, вобласць была ў эканамічнай яме. Аднак за гады кіраваньня Батуры крызіс атрымалася пераадолець. Вобласць была адной з першых у краіне па ўцягваньню замежных інвестыцый, найперш расейскіх. Увогуле, Батура мае добрыя кантакты з расейскімі бізнэсоўцамі. Казалі, што некалі яму ставілі ў віну ў Адміністрацыі прэзідэнта частыя камандзіроўкі ў Расію. За час ягонага знаходжаньня на пасадзе старшыні аблвыканкаму аблічча Магілёву змянілася толькі ў лепшы бок.
3. У жанчын дыханне становіцца больш частым
На невялікі час з Магілёва Батуру перавялі ў Мінск на пасаду спікера савета рэспублікі. Прайшоў ён туды па «прэзідэнцкай квоце». Былы старшыня Гомельскага аблвыканкама, а сённяшні старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон так прадставіў Батуру: «Ён імпазантны мужчына, калі жанчыны праходзяць міма, то ў іх дыханне становіцца больш частым». Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тады папыталася, а ці не перашкодзіць гэта ў працы.
Будучы на пасадзе спікера Батура заклікаў узмоцніць ідэалагічную працу на месцах. Абвінавачваў Еўрапарламент у дыскрымінацыі беларускіх дэпутатаў. Менавіта ён прадстаўляў Беларусь на пахаванні прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага.
4. Казаў, што зарабляе 14 мільёнаў
Праўда, доўга засіджвацца ў парламенце Батуру не атрымалася. Прычым, як паказваюць некаторыя сведчанні, ён сам папрасіўся займаць пасаду старшыні Мінскага аблвыканкама. «Дзякуй прэзідэнту, што адгукнуўся на маю прапанову. Мінская вобласць – адказны ўчастак. Будзем укалваць па поўнай», – сказаў ён тады.
У кастрычніку 2012 Барыс Батура ў інтэрв’ю тэлеканалу СТВ прызнаваўся, што сам ездзіць на працу на машыне, шафёра не мае, а таксама агучыў заробак. «Ну, нармальны заробак. Дзякуй кіраўніку дзяржавы. Апошнім часам выходзіць дзесьці 14 мільёнаў».
Адзіным сваім хобі Батура называў гульню ў вялікі тэніс. Хаця сам узначальваў федэрацыю валейбола.
5. «Я нічога не планую, у нас прэзідэнт усё плануе»
За час працы «губернатарам» Міншчыны Батура запомніўся лабіраваннем інтарэсаў кітайскай тэхналагічнага парку пад Смалявічамі, праціўнікаў жа называў «пячорным людзьмі». Размаўляючы з мясцовымі жыхарамі ў 2012 годзе ён сказаў наступную фразу: «Я не гаспадзін, я – таварыш».
Хаця гэта не адзіны афарызм ад чыноўніка. Яшчэ быўшы на пасадзе старшыні Магілёўскага аблвыканкама Батура сказаў цікавую фразу: «Я нічога не планую. У нас прэзідэнт усё плануе...» Цяпер прэзідэнт запланаваў для Батуры працу на «Барысаўдрэве», Батуру ж застаецца толькі згадзіцца і з гэтым.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное