Прызнанне чалавека, які ніколі не святкаваў Дзень Волі
Заснавальнік сайта «Сильные новости» Пётар Кузьняцоў з Гомеля тлумачыць, як зразумеў сваю памылку.
«Сёлетняе сьвята Незалежнасьці й Дзяржаўнасьці асабіста для мяне стала ня толькі сімвалічным юбілеем, але і вельмі карыснай падзеяй у сэнсе ўдасканалення сьветапогляду, — піша ён у Фэйсбуку. — Невялічкі камінг-аўт.
Прызнаюся, што дагэтуль ніколі не святкаваў 25 сакавіка. Ставіўся да гэтае даты, як да палітычнае й пратэснае нагоды.
Проста, я заўсёды лічыў, што Беларусь мусіць бачыць вытокам сваёй дзяржаўнасьці спадчыну ВКЛ. Як, напрыклад, Літва сьвяткавала на такое ж падставе 1000-годзе.
Мне падавалася, што адзначаць БНР значыць падыгрываць міту аб Беларусі, як аб краіне, што ніколі не мела незалежнасьці, і аб народзе, які да кастрычніцкага перавароту заўсёды быў «то пад літоўцамі, то пад палякамі, то пад расейцамі».
Я вельмі шчыра памыляўся, блытаючы формы, катэгорыі ды паняцьці. І, скажу як на духу, толькі ў гэтым годзе, ужо у 36, сваю памылку зразумеў.
Той вал інфармацыі, думак, меркаваньняў ды трактовак, які я добрасумленна прапусьціў праз сябе цягам апошняга месяцу, і прывёў мяне да сапраўднага разуменьня сутнасьці й ролі БНР.
Да разуменьня таго, што, страціўшы ВКЛ у XVIII стагоддзі, тую краіну і тую дзяржаву, якую маем зараз, мы атрымалі толькі дзякуючы БНР. І калі б не было яе, не было б і БССР і, нарэшце, Рэспублікі Беларусь. І апеляваць да ВКЛ, калі гаворка пра Незалежнасьць нашае краіны ў сучасным выглядзе — памылка. А 25 сакавіка — сапраўднае сьвята!
Таму ў гэтым годзе я з поўным разуменьнем і выдатным настроем сьвяткую гэты дзень!
Шчыра віншую ўсіх суайчыннікаў. Бог нам, сапраўды, радзіць. Нашая Незалежнасць — здабытак, якога няма шмат у якіх еўрапейскіх народаў, і мы мусім ганарыцца ім і берагчы».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное