Политика

“Прызнаць гэтыя выбары — для Захаду самагубства”

Беларускія палітыкі падводзяць вынікі выбарчай кампаніі. Галоўная тэма іх камэнтароў: як да выбараў паставіцца Захад?

“Выбары павінны быць непрызнаныя”

"Перад Захадам стаіць праблема, — заявіў кіраўнік Кансерватыўна-хрысьціянскай партыі-БНФ Зянон Пазьняк у інтэрв'ю Эўрарадыё. — Яны зрабілі заявы, што гатовыя прызнаць выбары, заява не афіцыйная, а намёкі. А выбары аказаліся зусім недэмакратычныя і сфальсіфікаваныя. Значыць, паўстае пытаньне аб непрызнаньні гэтых выбараў. І я лічу, што Захаду абсалютна немагчыма прыняць другое рашэньне.

Выбары павінны быць непрызнаныя, і Захад гэта зробіць, магчыма, зрабіўшы нейкія абцякаемыя фармулёўкі. Іншага рашэньня і іншага выхаду ў Захаду няма. Захад не самагубца.. Яны страцілі б вельмі шмат".

Гэта ёсьць паразай эўрапейскай дыпляматыі

Як паведамляе ”Радыё Свабода”, старшыня Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Анатоль Лябедзька перакананы, што ў самай дрэннай сытуацыя апынулася Эўропа:

“Не ведаю, якія словы падабраць, бо іх кінулі. Гэта ёсьць паразай эўрапейскай дыпляматыі, тых эўрапейскіх палітыкаў, якія прагназавалі, які бізнэс мог бы прыйсьці сюды. Можа Лукашэнка за апошнія дні атрымаў ад Масквы прапановы, ад якіх ён не можа адмовіцца, таму ён кінуў эўрапейцаў”.

“Лукашэнка часта кідаў беларускі народ, але Эўропу ён кінуў упершыню”

З Анатолем Лябедзькам згодны старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін: “Я не думаю, што АБСЭ дасьць пазытыўную ацэнку гэтым выбарам. Мяркую, што спадар Арэнс даражыць сваёй рэпутацыяй. Хаця некаторыя назіральнікі прыехалі сюды з устаноўкай шукаць пазытыў. Але расчараваньне ў многіх палітыкаў Эўропы будзе значна мацнейшым, чым у нас. Бо мы прывыклі: Лукашэнка часта кідаў беларускі народ, але Эўропу ён кінуў упершыню”.

Лукашэнка калі чуе слова “кампраміс”, успрымае гэта як слабасьць

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка так патлумачыў прычыны паразы Захаду: “Я думаю, што Эўропа прайграла двубой з Лукашэнкам, бо думала, што зь ім можна гаварыць пра кампрамісы. Але Лукашэнка калі чуе слова “кампраміс”, успрымае гэта як слабасьць, у яго далёка не эўрапейская мэнтальнасьць”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)