История

Андрэй Кныш

«Прысуды рагачоўскім музыкам, калі зрабіць папраўку на тое, што мы жывем у ХХІ стагоддзі, можна параўнаць са сталінскімі»

Пра змрочныя паралелі і ўнікальнасць найноўшай гісторыі, якой нельга ганарыцца.

«Музыкі Tor Band атрымалі жахлівыя тэрміны за песні. Менавіта за песні — за музыку і тэкст. Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было», — піша рок-музыка Лявон Вольскі.

Эмоцыі легенды беларускага року (і не толькі ягоныя) можна зразумець, бо хоць у найноўшай гісторыі краіны ўжо былі прэцэдэнты, калі паэтаў судзілі за вершы, а мастакоў за перфомансы, тыя прысуды нельга параўноўваць з тэрмінамі, што агучыў суддзя Сяргей Салоўскі музыкам Дзмітрыю Галавачу, Яўгену Бурло і Андрэю Ярэмчыку.

Музыкі Tor Band — не першыя беларусы, што зазналі пераслед за сваю творчасць і грамадзянскую пазіцыю. Праз засценкі Пішчалаўскага замка, які сёння многія ведаюць пад назвай Валадарка, у свой час прайшлі многія нашыя класікі. Сярод іх Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Якуб Колас, Карусь Каганец. 

У нашыя дні ў змрочных сценах беларускіх турмаў пішуцца вершы і выношваюцца ідэі для навуковых даследванняў — у тым ліку і пра Валадарку і яе колішніх вязняў. Гісторыя замкнулася.

Праваахоўныя органы, якія, будзем шчырымі, выконваюць функцыю карных, выдалілі з афіцыйнага YouTube-канала Tor Band ўсе відэакліпы, што цягам некалькіх гадоў сабралі мільёны праглядаў. Іх аўтары цяпер атрымалі жорсткія тэрміны.

За колькі месяцаў да «Чорнай ночы», у жніўні 1937-га, ва ўнутраным двары мінскай турмы НКВД былі спаленыя дзясяткі тысяч рукапісаў, фотаздымкі, лісты, дзённікі і ўспаміны беларускіх літаратараў, якіх бальшавікі залічылі ў «ворагі народа». А неўзабаве расстралялі і іх саміх. 

Гісторыя паўтараецца. Прысуды рагачоўскім музыкам, калі зрабіць папраўку на тое, што мы жывем у ХХІ стагоддзі, можна параўнаць са сталінскімі.

Нехта скажа, што сёння беларусаў не расстрэльваюць, як ў 1937-м. Але рэжым, што ўтрымлівае ўладу ў краіне, штодня дэманструе ўсім нам, што для яго няма нічога немагчымага.

Мы ўжо маем сваіх ахвяраў. Мастак Алесь Пушкін, які ў 1999-м за перфоманс з тачкай гною і партрэтам Лукашэнкі атрымаў два гады ўмоўна, у 2023-м загінуў у турме, куды патрапіў за тое, што быў мастаком.

Чаго дакладна ў гісторыі Беларусі яшчэ не было (магчыма, гэта ўвогуле ўнікальны выпадак) — уласную культуру і яе носьбітаў нішчаць не акупанты, а нібыта свае. Беларусы, нібыта.