Политика
Любоў Лунёва, Радыё Свабода

Прысуд у справе “Партнэрства” абвесьцяць сёньня ў 15.00

А 15-й гадзіне судзьдзя Леанід Ясіновіч абвесьціць прысуд у крымінальнай справе над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”. Эніру Браніцкую, Міколу Астрэйку, Аляксандра Шалайку й Цімафея Дранчука абвінавачваюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы й інтарэсы грамадзянаў. За гэта могуць пакараць арыштам, альбо пазбаўленьнем волі на тэрмін ад аднаго да трох гадоў.

Арыштавалі актывістаў “Партнэрства” 21 лютага супрацоўнікі КДБ. Зьняволеных трымалі паасобку ў камэрах сьледчага ізалятару КДБ — так званай “амэрыканкі”. Пазьней Эніру Браніцкую й Аляксандра Шалайку перавялі на Валадарку. Дэпутаты парлямэнту краінаў Эўразьвязу выказвалі занепакоенасьць лёсам арыштаваных актывістаў “Партнэрства” — арганізацыі, якую стваралі выключна для назіраньня за выбарамі.

Суд пачаўся 28 ліпеня й праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Каля будынку суду штодня зьбіраюцца сваякі арыштаваных, іхныя паплечнікі з дэмакратычнага моладзевага руху, палітыкі. Некалькі разоў туды прыходзілі амбасадары краінаў Эўразьвязу й АБСЭ.

Сёньня выканаўца абавязкаў амбасадара ЗША Джонатан Мур заявіў Радыё Свабода:

“Мы па-ранейшаму надзвычай занепакоеныя гэтай сытуацыяй. Хацелася б заставацца аптымістамі ў лёсе арыштаваных актывістаў “Партнэрства”, якіх цяпер судзяць. Але гэта даволі цяжка. Мы стаім тут, ля будынку суду, разам з калегамі з АБСЭ і назіраем за працэсам, сустракаемся са сваякамі арыштаваных, прадстаўнікамі дэмакратычных рухаў. Абавязкова прыйдзем сюды а 3-й гадзіне — даведацца, які будзе прысуд”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)