Политика
Анастасія Зелянкова

Прысуд Кастусю Лукашову стане вядомы заўтра

У судзе Ленінскага раёна Мінска адбыўся разгляд крымінальнай справы Канстанціна Лукашова. Заўтра будзе агалошаны прысуд.

Нагадаем, Канстанцін Лукашоў абскарджваў ранейшы прысуд, паводле якога яго пакаралі двума гадамі зняволення з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Грамадскага актывіста прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 364 Крымінальнага кодэксу (супраціўленне міліцыі).

Інцыдэнт адбыўся 29 сакавіка мінулага года, калі Лукашоў, вывозячы з бальніцы свайго брата Вячаслава Сіўчыка, не пагадзіўся спыніць аўтамабіль па патрабаванні чалавека ў цывільным (як потым высветлілася, супрацоўніка міліцыі). Два месяцы Канстанцін Лукашоў правёў ў следчым ізалятары. З зала суда ён выйшаў на волю і вырашыў абскардзіць судовае рашэнне.

У красавіку Калегія Мінскага гарадскога суда адмяніла прыгавор Канстанціну Лукашову і прызначыла паўторны суд. Разгляд справы ўжо адкладваўся, паколькі пацярпелы на суд не з’явіўся.

— Пацярпелы не з’явіўся і зараз, — расказаў “Салідарнасці” брат Вячаслаў Сіўчык. — Затое прыйшоў Анатоль Прузан, які зараз з’яўляецца пенсіянерам, а на той момант быў намеснікам начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Цэнтральнага раёна Мінска. Ён вельмі шмат чаго гаварыў, але ўсё не датычна справы Лукашова. Карацей, пракуратура відавочна цягнула час. У выніку агалошанне прысуду было перанесена на заўтра.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)