Политика
Лубоў Лунёва, ”Радыё Свабода”

Прысуд Кастусю Лукашову пакуль не вынесены

У судзе Ленінскага раёну Менску пачаўся суд над Канстанцінам Лукашовым. Яго вінавацяць у супраціве міліцыянтам.

29 сакавіка Канстанцін Лукашоў вывозіў свайго брата Вячаслава Сіўчыка з шпіталя і не спыніў машыну на патрабаваньне людзей у цывільным, якія, як пазьней высьветлілася, зьяўляліся міліцыянтамі. Канстанціна Лукашова ад 19 сьнежня трымаюць пад вартай. Яму пагражае зьняволеньне да 6 гадоў.

У суд Ленінскага раёну Менску прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек — прадстаўнікі АБСЭ, амбасады ЗША, былы кандыдат ў прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч, ягоная жонка Іна Кулей, рэжысэр Юры Хашчавацкі, праваабаронца Людміла Гразнова ды іншыя.

Сёньня суд заслухаў абвінавачваньне пракуратуры і чатырох сьведак інцыдэнту, які адбыўся ў двары 3-га клінічнага шпіталя 29 сакавіка. Тады Канстанцін Лукашоў кіраваў аўтамабілем, у якім знаходзіўся ягоны брат Вячаслаў Сіўчык. Міліцыянты ў цывільным пачалі падаваць знакі Канстанціну, каб ён спыніў аўтамабіль, але той не падпарадкаваўся.

Пазьней адзін зь міліцыянтаў зьвярнуўся з заявай у пракуратуру пра тое, што Лукашоў наехаў на яго. Міліцыянт прадставіў заключэньне мэдычнай экспэртызы пра тое, што атрымаў чэрапна-мазгавую траўму.

Гаворыць брат Канстанціна Вячаслаў Сіўчык:

Сіўчык: “Я бачыў асабіста, як чалавек у спартовым касьцюме, а гэта такая, відаць, новая форма міліцыі, бег з бальнічнага двара да вуліцы Леніна, а потым па вуліцы Леніна да вуліцы Ўльянаўскай. Я бачыў яго жывым і здаровым, калі наша машына ўехала з гэтага скрыжаваньня. Ён размаўляў па мабільным тэлефоне. Гэта яўна неадэкватныя дзеяньні, бо што ён хацеў зрабіць? Укусіць машыну, ці што? Я лічу асабістым зьдзекам зь сябе тое, што былі сфальсыфікаваныя дакумэнты аб тым, што ён нібыта атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Калі ў чалавека такая траўма, то ён ня можа так сябе паводзіць. Але ж мы ведаем які ў нас суд”.

Канстанціна Лукашова ўзялі пад варту 19 сьнежня, у той дзень, калі ягонай маці споўнілася 65 гадоў. Падставай для арышту, паводле сьледчых, стала тое, што ён нібыта не зьяўляўся на допыты.

Гаворыць Галіна Сіўчык:

Сіўчык: “Сёньня атрымала ад яго ліст, у якім ён піша: “Мама, ня трэба спадзявацца на нейкія законы, ці незаконы. У нас няма законнасьці. Што яны захочуць, тое й прысудзяць. Ты ж ведаеш якая ў нас сыстэма”. Нават адтуль ён знаходзіць некія цёплыя словы. Ён папросту вельмі баіцца, што я настроюся на вызваленьне, а яго “закрыюць”. Ён мяне папярэджвае, каб не была залішне аптымістычна. Але ж, калі нешта здарыцца прыемнае, то мы перажывем”.

Адвакат Канстанціна Лукашова спадзяецца, што напрыканцы тыдня можа быць агалошаны прысуд.