Общество
Змiцер Панкавец, Наша Ніва

«Прыспеў час абвесціць Б-Ч-Б сцяг нацыянальным»

Перадача «Справа прынцыпу» на тэлеканале АНТ 24 кастрычніка была прысвечаная тэме нацыянальнай ідэі. Ці патрэбная яна Беларусі? У чым яна заключаецца? І дзе яе шукаць?

Сярод гасцей перадачы былі старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў і палітолаг Валерый Карбалевіч.

«Я думаю, што прыспеў час, калі дзеля агульнанацыянальнага прымірэння трэба бел-чырвона-белы сцяг абвясціць нацыянальным», — сказаў Карбалевіч.

А што рабіць з дзяржаўным сцягам, спытаўся вядучы Вадзім Гігін.

«Два сцягі — дзяржаўны і нацыянальны», — адказаў Карбалевіч.

Амаль адразу слова ўзяў Алег Трусаў. Ён лічыць, што з бел-чырвона-белым сцягам трэба зрабіць як з Пагоняй — абвесціць яе гісторыка-культурнай каштоўнасцю. «Тым больш, што нашаму бел-чырвона-беламу сцягу налета будзе 100 гадоў», — лічыць Трусаў.

«Заўсёды былі нейкія акупацыйныя рэжымы на тэрыторыі Беларусі і былі калабаранты, якія супрацоўнічалі з іншаземнымі спецслужбамі і арміямі. Для мяне гэта сцяг здраднікаў. Хто яго выкарыстоўваў у ЗША пасля вайны? Тыя, хто працаваў на ЦРУ. Гэта ж праўда», — сказаў філосаф Аляксей Дзермант.

«А Уласаў пад якім сцягам ваяваў?» — рэмарка ад Алега Трусава.

«Гэта ўжо расійская дыскусія», — адказаў Дзермант.

Таксама госцем у студыі быў гісторык, адзін з лідараў заходнерусісцкага руху ў Беларусі Леў Крыштаповіч.

Ён сказаў: «Ніякага расколу сярод народу не існуе, ён існуе сярод інтэлігенцыі. Наша інтэлігенцыя неаднародная ў якім сэнсе? Ёсць інтэлігенцыя беларуская і якая падстройваецца пад беларускую. Я яе яшчэ назаву ўмоўна «польска-шляхецкая». Гэтыя дзве групы і змагаюцца між сабой. І частка польска-шляхецкай інтэлігенцыі навязвае нам бел-чырвона-белы сцяг. А навошта навязвае? Не для таго, каб зрабіць гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а каб падмяніць нашу ўласную беларускую гісторыю чужой».

Пісьменнік Георгій Марчук падтрымаў Алега Трусава, што бел-чырвона-беламу сцягу сапраўды прыспеў час надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. «Няхай сцяг жыве, калі ён быў у гісторыі. Мы ж не можам перакрэсліць гісторыю», — сказаў прадстаўнік уладнага Саюза пісьменнікаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)