Прыпяць гарачэй за Міжземнае мора на 4 градусы

У Беларусі сёлета пабіты ўсе рэкорды тэмператур. Дый сярэднясутачная тэмпература ў нашай краіне павялічваецца амаль у два разы хутчэй за сусветную.

Як распавёў Еўрарадыё начальнік службы гідраметэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў, лета 2007 выдасца вельмі спякотным:

“Наогул, прагназуецца, што ўсё лета будзе вельмі спякотным, і з недахопам вільгаці, маецца на ўвазе — без ападкаў. Гэта ненармальнае лета. Калі, напрыклад, паглядзець перыяд з 1 па 17 чэрвеня, то за ўвесь перыяд метэаралагічнага назірання такога працяглага спякотнага перыяду не было ніколі. У нас наогул шмат чаго яшчэ не было. Пабіты ўсе рэкорды, якія толькі можна, па тэмпературных максімумах”.

Здзіўляе і тэмпература вады. Па словах Дзмітрыя Рабава, беларусам у гэтым годзе лёгка можна абыйсціся без адпачынкаў у замежжы:

“Нам нават не трэба нікуды ехаць. Таму што тэмпература вады ў нас такая самая, як на поўдні, нават месцамі цяплейшая. У сярэднім 22-24 градусы. На Вілейскім вадасховішчы і на Нарачы зараз 21 градус, на Мінскім моры 22, на Пцічы 24 градусы. Самая цёплая зараз Прыпяць — ажно 26 градусаў”.

І насамрэч, навошта нам Турцыя з Крымам, калі на Чорным моры вада такая ж, як у Пцічы, месцамі нават халаднейшая. Напрыклад у Сочы 24 градусы, у Адэсе 22, у Ялце вада прагрэлася амаль да 23 градусаў. Дый і на Міжземным моры ў сярэднім каля 22.

Але ж не трэба забывацца на якасць вады. Калі для мора гэтая тэмпература цалкам натуральная, то на нашыя вадаёмы спёка ўплывае не вельмі станоўча… Распавядае лекар-гігіеніст Рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Ларыса Карпук:

“Спёка істотна паўплывае на якасць вады, таму што інтэнсіўна размнажаюцца мікраводрасці, пачынаецца так званае цвіценне вады, што пагаршае якасць вады ў адкрытых вадаёмах. Але якасць пагаршаецца таксама ад таго, што адбываецца масавае купанне насельніцтва, у вадзе пачынаюць з’яўляцца арганічныя забруджвальнікі”.

Як паведаміў Еўрарадыё загадчык камунальнага аддзялення камунальнай гігіены Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, беларускія вадасховішчы зачыняюцца з неймавернай хуткасцю:

“У сувязі з пагаршэннем мікрабіялагічных паказчыкаў якасці вады па пляжах Заслаўскага вадасховішча (Мінскае мора), вадасховішча Дразды і Цна, вынесены пастановы пра забарону купання і заняткаў воднымі відамі спорту”.

Таксама ў спіс забароны трапілі “Камсамольскае возера”, Вяча, Пціч, вадасховішча “Крыніца”. І, як прагназуюць эпідэміёлагі, у сувязі з анамальна цёплым летам гэты спіс яшчэ будзе пашырацца.

Якое надвор’е будзе наступным летам, сіноптыкі пакуль дакладна прагназаваць не наважваюцца, але па папярэдніх дадзеных, “пахаладання” дакладна не будзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)