Скандалы

Змiцер Панкавец, Наша Нiва

Пры разгоне пратэстаў каля ПВТ у айцішніка стралялі сігнальнай ракетай ва ўпор: «Мяне цягнулі, таму што не мог ісці»

Алегу К. 43 гады, апошнія дваццаць гадоў ён аддаў ІТ-сферы. Быў адным з піянераў гэтай індустрыі ў Беларусі, пісаў гульні, калі быў яшчэ школьнікам. «Я пачынаў, калі айцішнікі зараблялі менш за завадчан», — смяецца Алег.

26 кастрычніка Алег разам са сваёй дзяўчынай прыехаў на акцыю салідарнасці да Парка высокіх тэхналогій на Купрэвіча. Машыну мужчына прыпаркаваў прыкладна ў 12:55, а ўжо менш чым праз дзесяць хвілін быў затрыманы.

Наступствы затрымання ля ПВТ

«Нідзе я нават не паспеў пікетаваць, першае, што пачуў ад людзей: «Бяжыць АМАП». Мы былі ў такой лесапаласе каля флагштокаў, спачатку было, можа, чалавек 200, можа, 300. Але людзі кінуліся ў рассыпную, я яшчэ крычаў, каб не беглі. У выніку там засталося чалавек 10. Мая дзяўчына зрабіла выгляд, што гаворыць па тэлефоне з заказчыкам, таму яе ніхто не чапаў. Я спачатку здымаў усё на фота, а потым стаў здымаць відэа.

На адным з відэа відаць, як амапавец з’явіўся з-за дрэва і стрэліў літаральна ва ўпор у мяне сігнальнай ракетай [на відэа момант стрэлу бачны як чырвоная кропачка ў руках амапаўца — «НН»]. Я глядзеў крыху не ў той бок, таму не ўспрымаў яго як пагрозу, нават не паспеў зрабіць пару крокаў назад ці ўбок», — расказвае Алег.

«Той самы амапавец потым накінуўся на мяне, паваліў, да яго падбег іншы. Я скінуў амапаўца, ускочыў на ногі, у гэты момант я вырашыў выкінуць тэлефон. Але так атрымалася, што тэлефон паляцеў роўна-роўна ў флагшток, ударыўся ў яго і адрыкашэціў. Калі я яго кідаў, то ён уключыў відэа і засняў, як яго падбіраюць амапаўцы. Калі мяне цягнулі, то яшчэ надавалі па нырках, мабыць, нагамі. Яны ўсё яшчэ працягваюць балець. Мяне цягнулі не таму, што я ўпіраўся, а таму, што не мог ісці», — расказвае мужчына.

З ПВТ затрыманых планавалі везці ў Першамайскае РУУС, вядомае сваімі крутымі норавамі, але людзі блакавалі дарогі, стваралі заторы і не давалі магчымасці туды праехаць. «Збіраліся везці ў Заводскае РУУС, але іх там проста паслалі, сказалі, што затрыманыя ім не трэба. У выніку павезлі ў Ленінскае.

Там усіх вывелі з бусіка і пакінулі мяне аднаго. Запатрабавалі, каб я разблакаваў тэлефон, маўляў, калі яго выкідваў, то нешта забароненае дакладна ёсць. Пыталіся, ці ўдзельнічаў я ў маршах, кажу, глядзіце, там усё ёсць. А ці быў 9 жніўня? Кажу, не быў, сядзеў дома і абураўся. Мне здаецца, што яны шукаюць нейкіх арганізатараў, нейкую сакрэтную інфармацыю, але паколькі нічога не знайшлі, то павялі ў пастарунак».

Алег расказвае, што ў міліцыі да яго ставіліся больш-менш нармальна, хтосьці з супрацоўнікаў выклікаў хуткую дапамогу, калі пабачыў, што куртка ўся парваная ад стрэлу і ў цэлым ён адчувае сябе не дужа добра. Хуткай не было каля 2,5 гадзіны, бо брыгада была на кавідных выкліках. Увесь гэты час Алег прастаяў на нагах. Да яго часта падыходзілі супрацоўнікі міліцыі, але калі чулі, што хуткая ўжо выкліканая, то гублялі інтарэс.

Прыкладна а 6-й вечара мужчыну завезлі ў Бальніцу хуткай дапамогі. «У мяне апёк 2% цела, цэлы тыдзень знаходзіўся на абязбольваючых, без іх было б вельмі цяжка. Пастаянна ездзіў на перавязкі, усё яшчэ не зажыло».

У даведцы было запісана: «Шматлікія асколачныя агнястрэльныя раненні ў вобласці грудзей і пляча, тэрмічны кантактны апёк».

Тым не менш Алега адпусцілі дадому. На наступны ранак яму патэлефанавалі з Першамайскага РУУС з пытаннем пра агнястрэльную рана, маўляў, мы б хацелі расследаваць справу і дазнацца, хто ў вас страляў. Айцішнік на гэта рассмяўся і сказаў, што ведае, хто страляў. Міліцыянеры здзівіліся, але выслухалі гісторыю, праўда, пасля гэтага ўжо не перазвоньвалі.

Пасля ўсяго гэтага Алега яшчэ і судзілі. Працэс быў прызначаны на 5 лістапада ў судзе Ленінскага раёна. У суд мужчына прыйшоў у тым самым адзенні, у якім быў на момант затрымання, у парванай куртцы, якая яшчэ пахла порахам. На судзе ад міліцыі выступаў сведка «Зайцаў С. Н.», які нават не ведаў, дзе дакладна знаходзіцца ПВТ. Сведчанні дзяўчыны айцішніка залічаныя не былі, бо яна была ў навушніках, таму магла не чуць дакладна, што адбывалася.

Супраць Алега вяліся дзве адміністрацыйныя справы — па артыкулах 23.34 і 23.4. Па абодвух пратаколах ён атрымаў па 10 (270 рублёў) базавых велічынь.

«Калі б адразу далі 15 сутак, то сёння б якраз выйшаў на волю, а так пашанцавала нават», — сумна ўсміхаецца спадар Алег. На працягу колькіх гадоў Беларусь спрабавала стаць ІТ-сталіцай нашага рэгіёну, але такая жорсткасць супраць айцішнікаў, што выказваюць сваю нязгоду з дзеяннямі ўладаў, балюча б’е па іміджы краіне ў свеце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.4(8)